Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Проці цячэння вады зможа толькі жывой паплыць..»
06.11.2008 16:55

Конкурс «Ян Павел ІІ змяняе маё жыццё»
3 месца

«Проці цячэння вады зможа толькі жывое паплыць..» (Лукохва Вікторыя, парафія Святога Апостала Андрэя в. Нарач)

Жыццё не пастаяннае, а ўвесь час змяняе свае накірункі. Магчыма, гэта і з’яўляецца адной з самых цікавых таямніцаў, і было б вельмі сумна, калі б жыццё ішло дакладна па плане або праекце. Гэта нагадвала б кінастужку, ход падзей у якой ужо ні ад каго не залежыць. І кожны лёс — яшчэ адзін прыклад, штамп, падобны да папярэдняга... На шчасце, гэта не так. Кожны дзень мы стаім перад выбарам, кожную хвіліну наша жыццё змяняецца пад уплывам падзей, слоў, дзеяння іншага, часта нават зусім не знаёмага чалавека...

Мне не пашчасціла ўбачыць Яна Паўла II зблізку і, тым больш, трапіць да яго на аўдыенцыю. Тым не менш, нават на такой велізарнай адлегласці ён змяніў маё жыццё, як і жыццё тысяч, мільёнаў людзей, прымусіўшы паглядзець на тое самае жыццё па-новаму. Магчыма, тыя людзі, якія мяне акружаюць, і не змаглі адчуць гэтага, расцэньваючы перамены як пераходны ўзрост. Можа, яны і маюць рацыю, але з іх думкі я вылучу адно: падлеткі найбольш успрымальныя да новага.

Не крывячы душой, я магу сказаць, што многа чула пра Яна Паўла II у навінах, у касцёле. Дакладна ведала, наколькі гэта важная асоба, але не да канца ўсведамляла, наколькі вялікая. Не ўнікала ў падрабязнасці яго жыцця, бо, як тады здавалася, не хапала часу: і ў школу трэба, і дома дапамагчы, і на сяброў не забыцца. Часу было недастаткова да пэўнага моманту…
Калі смерць  Вялікага Папы — гэта адыход да Нябеснага Айца, то для мяне яна стала яшчэ адной прыступкай лесвіцы да вечнага жыцця. Усё гэтак жа заставаліся справы дома і ў школе, але важнае месца ў маім жыцці стаў займаць Касцёл. Гэта было як бы маленькім навяртаннем, бо ў касцёл хадзіла з дзяцінства. Але калі гэта раней было абавязкам або просьбай бабулі, то летам 2005 года гэта стала неабходнасцю. Менавіта ў той час мяне найбольш стала цікавіць асоба Яна Паўла II і яго дзейнасць.

Здавалася б, пачыналася ўсё вельмі проста: паездка на Парафіяду ў Варшаву. Ведала, што будзем удзельнічаць у мастацкім конкурсе і паказваць тэатральную пастаноўку пра Вялікага Папу. Ужо тады хацелася ведаць больш пра чалавека, аб жыцці якога будзем расказваць іншым. Аднак другім, найбольш моцным штуршком было ўбачанае ў Варшаве — адносіны людзей да славутага  суайчынніка. Плакаты, стужкі і траурныя сцяжкі сустракаліся не толькі ў цэнтры, але і на ўскраінах. Яшчэ больш здзівіла назва вуліцы: Яна Паўла II. Дык ці проста Папа Рымскі? Відаць, не. Ці проста зямляк? Не думаю. Калі ўвесь свет перажывае яго смерць... Дык хто гэта?
Такім чынам, акрамя другога месца ў конкурсе, я прывезла з сабой з Польшчы «гран-пры» — гарачае жаданне больш даведацца пра Яна Паўла II. Але ішоў час, і гэта імкненне не рэалізоўвалася, а так і заставалася голасам сумлення, які час ад часу прабіваўся праз будзённыя справы.

Канчатковым адкрыццём Яна Паўла II стаў удзел у конкурсе ведаў, прысвечаным Вялікаму Папу. Спачатку я адмаўлялася, маўляў, экзамены ў гэтым годзе, хопіць мне для вывучэння і гістарычных дзячаў. І хочацца сказаць вялікае «дзякуй» нашым катэхеткам за тое, што настойліва сказалі мне: «Паспрабуй».

І атрымалася. Не толькі поспехі ў конкурсе, але… Ведаеце, у складаных сітуацыях, калі мы не ведаем, што трэба рабіць, мы звяртаемся да вопыту іншых, надзейных людзей. Раней у мяне такога чалавека не было, а цяпер я пытаюся ў сябе: «Як бы ў гэтай сітуацыі паступіў Ян Павел II?» Ён нібы стаў маім сумленнем. «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!» Я зразумела, што гэты заклік звернуты і да мяне. Але як гэта зрабіць? Ці хопіць сіл жыць з Хрыстом паводле Яго вучэння? Вось пытанні, якія доўга турбавалі мяне. Мне здавалася, ды і цяпер часам адчуваю, што недастаткова маю сілаў, каб у сучасным свеце пражыць максімальна па евангельскіх прынцыпах, што немагчыма плысці супраць цячэння. Але, калі рыхтавалася да конкурсу, зразумела: нават у самых складаных абставіных трэба заставацца верным Хрысту. Я доўга думала, як гэта ўдавалася тады яшчэ Каралю Вайтылу сеяць дабро ў свеце жорсткасці і вайны, клапаціцца не толькі пра сябе, але і пра іншых, дзяліцца апошнім кавалкам хлеба і несці веру ў сэрцы людзей! Напэўна, гэта бязмежная любоў да Бога і бліжняга. А ці ёсць яна ў мяне?  Калі няма, то дзе яе знайсці? Перш за ўсё ўзгадала галоўныя запаведзі любові, пастаралася стаць хоць крыху падобнай да Вялікага Папы ў адкрытасці на людзей. Ён не баяўся ісці з Хрыстовым словам у краіны, якія знаходзіліся пад уплывам розных канфесій і веравызнанняў, пры гэтым паважаючы іх выбар і не прыніжаючы годнасці. Мне, зразумела, не трэба ехаць за мяжу, каб папрактыкавацца ў верацярпімасці і павазе да іншых светапоглядаў. І я пачала аналізаваць свае ўчынкі і думкі адносна тых, хто мяне акружае. Спачатку расчаравалася: як недобразычліва я стаўлюся да тых, хто мяне не разумее, для каго мой стыль жыцця, у якім важную ролю адыгрывае рэлігія, проста нешта непрымальнае! Як пераканаць іх, што мой выбар правільны? Слухаць не збіраюцца, а каб зразумець мае пачуцці, нават не прыкладаюць ніякіх намаганняў. І я навучылася тлумачыць усё сваімі ўчынкамі. Змаўчаць, калі пакрыўдзяць, дапамагчы ў цяжкую хвіліну таму, хто пагарджаў маімі парадамі. На жаль, не заўсёды атрымліваецца. Але ўжо той факт, што я пакрыху пераходжу да практыкі, а значыць, узрастаю духоўна, што вера мая «жывая» — сапраўдная, адчувальная змена ў маім жыцці. Ян Павел II, прыклад яго жыцця ажывіў, мабілізаваў фізічныя і духоўныя сілы, пабудзіў да дзейнасці, знішчыў няўпэўненасць і страх.

М. Багдановіч напісаў: «Проці цячэння вады зможа толькі жывое паплыць..» Спадзяюся, што ў маім дарослым жыцці хопіць на гэта сіл.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.