Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Totus Tuus
06.11.2008 16:43

Конкурс «Ян Павел ІІ змяняе маё жыццё»
1 месца

Цыкл вершаў «Totus Tuus» (Павел Хадзінскі)


Ноч

Мінімум шчасьця на радыус веры.
Зьверы ілжы каля мяккіх высноў.
Хутка ўбачыш, як зьнікнуць памеры
Існасьці веры праз сутнасьць часоў.

Ноч. Каб паверыць у шчырасьць абраных.
Ноч. Зразумець цемру сьветлага дня.
Ноч. Каб заўважыць духоўныя раны.
Ноч. І надзея на літасьць агня.

Звужана-зважаным пэўным сумневам
У далікатнай краіне сьвятла
Не параўнаць сябе зь верай і небам.
Пэўных сумневаў рашучасьць зьмяла.

Верыць у веру, ці верыць напэўна?
Вернутых знакаў з павернутых кніг
Сьціх ціхі плач пасьля вокладкі гнеўны.
Ноч – для навернутых, ноч дзеля іх...



Кола

Новых лістоў зноў зашмат ад чаканьня
Чэрпаньня чыстай ці чэрствай хлусьні.
Новыя дні безназоўных казаньняў
Новых прамоўцаў у бляклай гульні.

Зрынутых Словам шукацьмеш у зьлівах
Бройлерных цудаў – удосталь, у смак –
Не перацягнеш на стомленых спінах,
Словам пагнутым скамечылі знак,

Дзеля ўваходу ў Пачатак Дыханьня.
Плач, калі сумна, ці змоўкні ўшчэнт.
Слова прадаць ці пайсьці на выгнаньне?
Зжэрлі, як печыва Твой тэстамэнт...

Рух цераз кола клінічнае сьмерці.
Рух, калі ўласна ёсьць рухацца чым.
Верыць у...
                  Сёньня пісалі, што Верце!
Сёньня пісалі пра заўтрашні дым.



Выспа

Побач, ля ног, нарадзілася выспа –
Цераз ручай – там трава, там лугі!
Звод твой законаў акрэсьлены сьцісла,
Прагнеш? Адзін крок ад левай нагі.

Там на сьцяне ёсьць чаргова-чароўны
Сымбаль жыцьця. Толькі  ты і яно...
Дзеля ідыліі – мэтр бавоўны, -
З цёплым настроем на звыклае дно.

Там для цябе арыштоўваюць веру,
Дзеля цябе – ганаровы салют,
Там тваёй веры – вышэйшую меру.
Зроблены крок. Будзеш там, альбо тут?

У календарыках – новы чырвоны.
Ты занатуй і сабе, не засьні,
Будзеш глядзець на начныя фасоны
Звыкла-чаргова-чароўнай мазьні.



Мройнасьць

Ветла праклёнамі ў белую мройнасьць
Брудна-зычлівым над вушкам званом
З мэтай нязнойдзенай сканчваеш здольнасьць
Быць да фатальнасьці першым кутом.

Нэрваў, запаеных з куфрам спадзеваў
Больш не адчуеш на сьветлых руках
Там скрыгатаньне зубоў без павеву
Сьветлых намераў у скончаных снах.

Безумоўна-бязмоўным прызнаньнем бязмежжа
Пачуцьцёвае волі праз веру ці пыл
Ты парушыш замкнёныя існасьці сьцежак.
Ці патрэбны той досьвед табе сёньня быў?

Складзеным дошкам не стацца дзьвярыма.
Верыць праз акуляры і шыбы.
Верыць у шчырасьць і шыбы магчыма?
Вера ў блякла-празрыстыя хібы.



Слова

Ты ў бязлюднай супольнасьці ценяў
Знойдзеш мне промні ад новай Зямлі?
Дні ў чаканьні бязглуздых падзеяў
Створаных звонку ў вечным агні.

Смуткам па сэрцы, і сэрца – за краты.
Колішнім марам раптоўны спачын.
І накірунак твой Словам адцяты.
Носам у багну. У багну – то з кім?

Твой успамін – на маіх занатоўках.
Вочы блішчаць альбо плачуць твае?
Бездапаможна – рукамі ў насоўках.
Можа і Слова табе не стае?

Не скасаваць сябе злучнасьцю зь небам!
Зьнікне ў яснасьці словаў зьнямога.
Думкам, ці рухам, ці знойдзеным ведам...
Верыць у...
                  Вер! А я веру ў Бога.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.