Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першая група пілігрымаў вылецела з Мінска на Святую Зямлю на асвячэнне мазаікі абраза Маці Божай Будслаўскай (+фота)
Беларусь
21.06.2014 22:16

21 чэрвеня з Мінска вылецела першая група ўдзельнікаў агульнабеларускай пілігрымкі на Святую Зямлю на асвячэнне мазаікі абраза Маці Божай Будслаўскай. Групу са 150 чалавек узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Сярод удзельнікаў прысутнічае таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Другая група, колькасць якой складае таксама 150 чалавек, вылеціць 23 чэрвеня, яе ўзначаліць дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У пілігрымцы ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх дыяцэзій Беларусі.

Асвячэнне мазаікі абраза Маці Божай Будслаўскай адбудзецца 27 чэрвеня ў базыліцы Звеставання ў Назарэце. Праграма вылету і знаходжання на Святой Зямлі распрацавана такім чынам, каб удзельнікі пілігрымкі сустрэліся разам на ўрачыстай падзеі асвячэння. Пілігрымка пройдзе пад назвай «Па слядах Езуса» і прадугледжвае наведванне ўсіх найбольш важных месцаў з жыцця Езуса Хрыста: Бэтлеема, Назарэта, Гары Благаслаўленняў, Каны, Гары Табор, Ерыхона, Ерузалема. Пілігрымка з'яўляецца адмысловай «вандроўкай у часе» на мяжы эпох - у месцы, вядомыя са Святога Пісання. 

Устаноўка і асвячэнне мазаікі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай у Назарэце – праект, зацверджаны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Гэтая падзея ўзбагачае юбілей 400-годдзя прыбыцця ў Будслаў цудатворнага абраза Маці Божай, які ўрачыста святкаваўся ў мінулым годзе.

(AG) 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.