Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч у Бэтлееме:«Браць прыклад з Яна Хрысціцеля, каб застацца вернымі свайму пакліканню»
Беларусь
25.06.2014 21:47

25 чэрвеня працягнулася Агульнабеларуская пілігрымка на Святую Зямлю. Раніцай усе групы пілігрымаў сустрэліся на агульнай святой Імшы ў базыліцы св. Кацярыны Александрыйскай, якая знаходзіцца побач з Базылікай Нараджэння Езуса.

Эўхарыстыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, разам з ім Імшу канцэлебравалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і святары з розных дыяцэзій, што ўдзельнічаюць у пілігрымцы.

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў пра тое, што цэлебрацыя Імшы ў базыліцы св. Кацярыны з’яўляецца вельмі сімвалічнай, бо святыня знаходзіцца побач з месцам Нараджэння Збаўцы.

«Гэта вялікая ласка быць у месцы прыйсця на свет Хрыста»

«Дзякуючы гэтаму мы нібыта перамяшчаемся ў непасрэднае месца нараджэння Езуса. — адзначыў іерарх, — Гэта вялікая ласка быць у месцы прыйсця на свет Хрыста. Мы з пашанай ставімся да месцаў нараджэння славутых людзей. Наведваем іх. Яны набліжаюць нам асобу таго, хто нарадзіўся. Часта ў такіх дамах зладжваюць музеі ці штосьці падобнае. У нашым выпадку — гэта не музей, а адно з найбольш вядомых у свеце месцаў, куды штодзень імкнуцца дзясяткі тысяч людзей. Яны ідуць сюды не для таго, каб толькі паглядзець на месца, куды прыйшоу на свет Збаўца, але каб духоўна перажыць гэту падзею і змяніць сваё жыццё так, каб Езус нараджаўся ў іх сэрцах.

Божы Провід дазволіў нам стаць у асаблівым месцы гісторыі збаўлення. Верыць сучасны чалавек ва ўцелаўленне Божага Сына ці не, аднак ён павінен прыняць праўду, што ўся гісторыя чалавецтва дзеліцца на два перыяды — да Хрыста і пасля Яго нараджэння. Сёння 2014 год ад нараджэння Езуса Хрыста. І гэту праўду неабходна прыняць, прыняць усім людзям, веруючым і няверуючым.

Што было б, калі б не адбылося той падзеі ў тую памятную Батлеемскую ноч? Чалавецтва заставалася б у духоўнай цемры і чакала б часу збаўлення. Аднак, калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў у свет свайго Адзінароднага Сына, каб Ён збавіў чалавецтва. Гэта вялікая ласка і адначасова вялікі дар. Мы павінны спытаць сябе, як выкарыстоўваем гэты дар?».

Чым для нас з'яўляецца Kасцёл? 

Разважаючы аб нараджэнні Езуса, арцыпастыр скіраваў пытанне да вернікаў: а як мы сустракаем навіну аб Божым нараджэнні?

«Калі пастушкі пачулі ад анёла аб нараджэнні Збаўцы, то паспяшаліся ў Бэтлеем, каб пакланіцца нованароджанаму Збаўцу. Калі тры каралі, ці вучоныя астраномы, убачылі новую зорку, то пайшлі за ёй, каб пракланіцца Збаўцу і абдарыць яго золатам, кадзілам і мірам. Такім чынам, да Немаўляткі Езуса першымі прыйшлі як простыя пастушкі, так і вучоныя мужы. У той самы час не было сярод наведвальнікаў кіраўнікоў габрэйскага народу і фарысеяў. А як атрымліваецца з намі?

Бог стаўся чалавекам, каб у сэнсе Божай ласкі мы сталіся багамі. Таямніца Богаўцелаўлення — гэта таксама таямніца наша абагаўлення. Езус нараджаецца кожны дзень на нашых алтарах падчас св. Імшы. Ці мы спяшаемся на яе, ці кожную нядзелю і свята прымаем у ёй удзел?

Чым для нас з’яўляецца касцёл — домам малітвы ці музеем? На жаль, для многіх менавіта гэтым другім. У наш час з’яўляюцца новыя касцёлы і новыя рэлігіі, як напрыклад, футбольныя стадыёны або хакейныя арэны. Колькі там шмат людзей, што адбывалася падчас чэмпіяната свету па хакеі ў Мінску, ці што цяпер адбываецца ў Бразіліі, дзе праходзіць чэмпіянат свету па футболе?! Спорт — гэта добра. Ён дапамагае ў фізічным і таксама духоўным развіцці чалавека, але не можа замяніць Бога».

Напрыканцы гаміліі, арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу на тое, што знаходзячыся ў гэтым святым месцы, варта «даць адказ на фундаментальнае пытанне — хто для нас з’яўляецца сапраўдным Богам?»: 

«Багацці, задавальненні , імкненне да улады ці яшчэ штосьці іншае? Ці не згубілі мы Бога ў мітусні сучаснага свету? Ён не памёр і Ён жыве! Дзе яго можна знайсці? Гэта вельмі проста. Ці мы ўслухоўваемся ў голас анёлаў, якія прамаўляюць праз Касцёл аб нараджэнні Збаўцы, ці стараемся на небасхіле нашага жыцця ў вучэнні Касцёла ўбачыць зорку, якая запалілася над Бэтлеемам больш за дзве тысячы гадоў таму, і якая свеціць?» 

«Калі пасля св. Імшы мы апынемся на нараджэння Збаўцы і будзем яго ўшаноўваць, падзякуем Богу за Яго бязмежную міласэрнасць, перапросім за нявернасць яму нас саміх і нашага народу і папросім аб ласцы для сябе саміх, каб пачуць анёльскі голас, каб убачыць Бэтлеемскую зорку», сказаў іерарх.

Пасля св. Імшы пілігрымы наведалі базыліку Нараджэння Езуса і сам грот (дзе Марыя нарадзіла Езуса), які знаходзіцца ў сутарэннях базылікі. На месцы нараджэння Хрыста сёння знаходзіцца прамяністая срэбная зорка і надпіс па-лацінску: «Hic Verbum Caro factum est» — «тут Слова сталася Целам».

Браць прыклад з Яна Хрысціцеля 

Таксама першая група пілігрымаў (усяго у Агульнабеларускай пілігрымцы прымаюць удзел дзве вялікія групы, кожная з якіх у сваю чаргу дзеліцца на шэсць мінігрупак па 50 чалавек: усе наведваюць тыя ж самыя месцы, але ў іншы час), у складзе якой быў і мітрапаліт Кандрусевіч, наведала так званую малочны грот, дзе знаходзіцца абраз Маці Божай кормячай. У гэтым месцы моляцца аб дары патомства. Існуе ўжо каля двух тысяч (!) сведчанняў аб нараджэнні дзяцей бясплоднымі жанчынамі.

Далей у праграме было наведванне кляштара святога Яна Хрысціцеля, які знаходзіцца за межамі Ерусаліма. Менавіта там св. Альжбета хавалася ад мяча Ірада. Таксама там часова прабывала Марыя перад прыняццем рашэння уцякаць у Егіпет.

Пілігрымы мелі цікавую магчымасць пагутарыць з пустэльнікам а. Бернардам, які апякуецца рускамоўнымі грэка-католікамі і выдатна гаворыць па-руску. 

Працягам праграмы ў гэты дзень стала наведванне месца Эйн Карэм – месца адведзінаў Марыяй св. Альжбеты і месца, дзе нарадзіўся Ян Хрысціцель.

У сваім слове да пілігрымаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узгадаў сцэну адведзінаў Марыяй Альжбеты:

«Гэта была паслуга Любові Марыі. Будучы слугой Бога, яна хацела быць і слугой бліжняга. Прыбываючы ў дом Захарыя і Альжбеты, Марыя прынесла туды ў сваім улонні Езуса і Яго ласку, якая выбавіла Яна Хрысціцеля ад першароднага граху».

У працяг гэтай гісторыі іерарх дадаў:

«Нараджэнне Яна таксама было цудоўным: усе пыталіся, кім будзе гэта дзіця? Ян жа застаўся верным свайму пакліканню – падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану. А ці верныя мы ў сваім пакліканні? Выклікі нашага часу паказваюць, што так ёсць не заўсёды. Мы называем сябе хрысціянамі, але насамрэч такімі не з'яуляемся. Мы павінны браць прыклад з Яна Хрысціцеля і заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, каб не быць хвойнай трасцінай, а каб быць моцным хрысціянскім дрэвам, клапаціцца не толькі аб сваім збаўленні, але таксама дапамагчы падрыхтаваць дарогу, па якой Езус прыдзе ў сэрцы іншых людзей».

Ад касцёла нараджэння Яна Хрысціцеля пілігрымы накіраваліся ў касцёл Адведзінаў Марыяй св. Альжбеты. У сваёй прамове да пілігрымаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч параўнаў католікаў Беларусі з сітуацыяй адведзін:

«Калі св. Альжбета ўсклікнула: адкуль гэта мне, што Маці майго Пана прыбывае да мяне! Мы таксама павінны паўтараць гэтыя словы, бо Марыя ў будслаўскім абразе прыбыла да нас і прабывае з намі ўжо 400 гадоў. Мы таксама павінны разам з Марыяй спяваць наш гімн Магніфікат, бо вялікія рэчы чыніць нам Бог праз Марыю».

 

(AYU), (JLS), (KNR)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.