Што такое вуглавы камень? | Друк |
Беларусь
11.03.2015 12:44

13 сакавіка адбудзецца асвячэнне першага камня новага будынка Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску. Камень асвяціць у межах свайго візіту ў Беларусь кардынал П’етро Паралін, Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка.

У Кнізе Ісаі (28, 16) гаворыцца, што Бог сказаў: «Вось я кладу на Сіёне камень краевугольны, выбраны, каштоўны, і хто верыць у Яго, не асароміцца». З гэтых словаў вынікае суцяшэнне для народу Старога Запавету, які перажываў небяспеку, у тым, што Бог жадае быць для яго апорай.

Сімволіка камня з’яўляецца ў Святым Пісанні шмат разоў: камень, скала, глеба — гэта сімвал Бога як апекуна, сімвал месца, сімвал Хрыста і Касцёла. Аднак камень — гэта элемент мёртвай прыроды, і ў такім сэнсе Біблія шматразова супрацьпастаўляе жывому Богу пазбаўленыя жыцця каменныя выявы бажкоў.

Камяні мёртвыя, але Бог «можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму» (Мц 3, 9). Без Бога чалавек таксама мёртвы, як камень, але калі паверыць у Хрыста — «жывы камень» будзе ўбудаваны ў «дом духоўны» (1 П 2, 4).

Сімволіка камня выкарыстана таксама ў літургіі Касцёла. Найперш камень «прамаўляе» праз сваю цвёрдасць і трываласць матэрыялу і паказвае на звышнатуральную сілу. Трываласць камня «прамаўляе» да чалавека.

 

Значэнне камня апісваецца ў многіх месцах Старога Запавету. У Кнізе Родаў (35, 14) гаворыцца, што патрыярх Якуб пасля сустрэчы з Богам устанавіў каменную стэлу на месцы, дзе Бог прамовіў да яго. Калі Осія заключыў прымірэнне з народам у Сіхеме, то паклаў вялікі камень і сказаў: «Гэты камень будзе для вас сведкам, бо ён чуў усе словы, якія Пан прамовіў да нас» (Ос 26-27). Дванаццаць пакладзеных камянёў у часы Эліяша і пазней былі сімвалам дванаццаці пакаленняў Ізраэля.

Многія тэксты Бібліі нагадваюць, што Бог — «глеба» свайго люду, месца суцяшэння і абароны, пры ўмове, аднак, захавання вернасці прымірэнню. Для няверных гэты камень становіцца «камнем спатыкнення і скалой спакусы» (1 П 2, 8). Псальміст кажа пра выпадак, калі «камень, адкінуты будаўнікамі», стане «галавою вугла» (Пс 118, 22). Да гэтай сімволікі звяртаўся Хрыстус у палеміцы са знаўцамі Пісання, прадказваючы катастрофу для ўсіх, хто не будзе на Ім будаваць (пар. Мц 21, 42-44).

Вуглавым камнем новай супольнасці вернікаў і залогам духоўнай будоўлі, якую Ён закладвае ў месіянскія часы, з’яўляецца сам Хрыстус. У гэтым новым будаўніцтве могуць удзельнічаць людзі, «як жывыя камяні» (1 П 2, 5). У гэтай вялікай сімволіцы камня лепш можна зразумець змену імені, калі Хрыстус назваў апостала Сымона Пятром (скалой, камнем): «Ты – Пётр скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц 16, 18).

Пад будову новай святыні і сакральных будынкаў кладзецца вуглавы камень, які бярэцца з месцаў, асвечаных Божай прысутнасцю. Гэта робіцца ў знак лучнасці з падзеямі Адкуплення.

Вуглавы камень – першы пакладзены камень або цагліна, што распачынае будову. Раней на ім змяшчалася імя будаўніка, сёння дадаецца таксама інфармацыя аб даце будаўніцтва і г.д.
Умураванне вуглавога камня звычайна звязана з цырымоніяй падпісання акта аб будаўніцтве — дакумента, які ўрачыста распачынае будаўніцтва, закладку. У ім указваюцца ініцыятары, фундатары, будаўнікі. Часта такі дакумент урачыста падпісваецца і ўмуроўваецца ў фундамент. Урачыстасць злучаецца з умураваннем вуглавога камня.

 

Дакумент пасля падпісання змяшчаецца ў металічную капсулу, часам і з некаторымі іншымі прадметамі: нумарам мясцовай газеты з дня ўрачыстасці, манетамі або банкнотамі, здымкамі ўдзельнікаў цырымоніі і інш. Гэта памяць для нашчадкаў: у будучыні, знайшоўшы падчас мадэрнізацыі, генеральнай перабудовы аб’екта ці яго разборкі гэтыя прадметы, яны могуць азнаёміцца з гістарычнай інфармацыяй часу распачацця будовы.

(JM)

 
© 2003-2021 Catholic.by