Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал П'етро Паралін на моладзевым чуванні: Ад вашага адказу залежыць ваша вера, ваша будучыня і будучыня вашай краіны
Беларусь
15.03.2015 05:51

Каталіцкая моладзь Беларусі, якая сабралася ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены разам са сваімі душпастырамі на Міждыяцэзіяльным велікапосным чуванні з 14 на 15 сакавіка, радасна прывітала Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка кардынала П'етро Параліна.

«Беларусь чакае Папу» і «На Беларусі Бог жыве!» — такія словы дадаваліся да моцных прывітальных апладысментаў маладых людзей, адрасаваных бліжэйшаму супрацоўніку Папы, які прыбыў, каб разам з моладдзю Беларусі перажыць час малітвы і падрыхтоўкі да Уваскрасення Пана.

Пасля прывітальнага слова Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, падчас якога арцыбіскуп падзякаваў усім за прысутнасць і вызначыў дзве асаблівасці сёлетняга чування — міждыяцэзіяльнасць, альбо «панбеларускасць» начной супольнай малітвы для моладзі, а таксама прысутнасць найбліжэйшага супрацоўніка Пантыфіка кардынала П’етро Параліна, распачалося своеасаблівае знаёмства моладзі і высокага госця з Ватыкана.

Гэта знаёмства праходзіла ў форме прэзентацый хрысціянскага жыцця моладзі кожнай з дыяцэзій. Першае слова належала біскупам, а потым моладзі і яе духоўным кіраўнікам.

Творчая моладзь вітала кардынала спевам, пантанімай, а таксама сваёй шчырасцю і праўдзівасцю падчас дзялення гісторыямі асабістага пошуку і прыйсця, вяртання да Бога.     

 

«Я доўга шукала адрас да Бога, а цяпер ведаю, што Ён жыве ў кожным чалавеку», — сказала адна са сведкаў.

«Мне Бог даваў на шляху людзей, якія тлумачылі, чым з'яўляецца хрысціянства, і тады я адчуў, што хрысціянства — гэта любоў», — сказаў другі.

«Варта адгукнуцца на пакліканне служыць Богу і распавядаць людзям пра шчасце сваёй веры», — прызнаўся трэці...

«Не сядзі і не думай, што любіць і служыць Хрысту будзе хтосьці іншы!» — прыгадалі словы Папы Францішка.

Таксама ў моладзі была магчымасць задаць пытанні кардыналу.

На адно з іх, якое тычылася здзяйснення даўняй мары як сучаснай моладзі, так і іх бацькоў, калі яны былі яшчэ моладдзю, аб прыездзе Папы ў Беларусь, кардынал адказу не меў.

«У мяне няма адказу на пытанне Сафіі. Але затое, калі я вярнуся, то скажу Пантыфіку, што сустрэўся з вялізным жаданнем бачыць яго тут. Я чуў гэта ад біскупаў, ад дзяржаўных уладаў, а зараз — ад моладзі. Ужо супраць моладзі Папа не зможа пайсці!» — сказаў кардынал П'етро Паралін.

Таксама іерарх, адказваючы на пытанне аб перспектывах каталіцкай адукацыі, дадаў, што ў Беларусі не толькі святары, але і свецкія католікі патрабуюць тэалагічнай адукацыі, па-першае, каб паглыбляць веру, а па-другое, каб быць сведкамі хрысціянскага жыцця ва ўсіх сферах.

Пасля знаёмства ўдзельнікаў (а іх зарэгістравалася 986 асоб) з кардыналам распачалася святая Імша.

У гаміліі, якую падрыхтаў спецыяльна для моладзі кардынал П'етро Паралін, іерарх узгадаў творчасць вялікага і любімага беларусамі паэта Рыгора Барадуліна, на пахаванне якога ў мінулым годзе ў Чырвоны касцёл бясконца ішоў беларускі народ, шматлікія школьнікі, і асабліва студэнты:«Падчас падрыхтоўкі да гэтага візіту я пастараўся пазнаёміцца з пэўнымі аспектамі вашай культуры. Між іншым, мяне моцна ўзрушыў глыбокі рэлігійны змест некаторых вершаў Рыгора Барадуліна. Я ніколі б не падумаў, што ў гэтую ноч мы будзем маліцца ў касцёле святых Сымона і Алены, вядомым як «Чырвоны касцёл», які з’яўляецца адным з сімвалаў горада Мінска, і што менавіта гэтаму касцёлу і яго пробашчу, якога я шчыра вітаю, Барадулін пажадаў прысвяціць свой верш, дзе ёсць такі прыгожы вобраз:

З Чырвоным касцёлам на «ты»
Вятры,
Што лятуць з Бэтлеему».

 

Кардынал адзначыў, што на плошчу Незалежнасці, дзе стаіць гэты касцёл, часта залятаюць вельмі розныя вятры... У гэты раз з ветрам з ватыканскага боку і ён сам, па словах Дзяржаўнага Сакратара, «трапіў сюды, у Чырвоны касцёл, на крылах тых вятроў, якія прыляцелі таксама ад магілы святых апосталаў Пятра і Паўла, з Рыма, біскуп якога, Папа, пакліканы ўмацоўваць у веры ўсіх братоў».

Таксама кардынал папрасіў моладзь прыгадаць мучанікаў сваёй краіны, сярод якіх, магчыма, іхнія бабулі і дзядулі, якія змагаліся за захаванне веры.

Але іерарх дадаў, што «нават мучанікі не з’яўляюцца сумным успамінам, таму што ў вялікіх пакутах яны яшчэ мацней адчувалі, што Бог іх любіць».

Гаворачы моладзі пра каштоўнасць Божай любові, кардынал прыгадаў, што вялікай ранай для Бога з'яўляецца здрада чалавека Яго любові, а таксама кпіны і насміханні з самага дарагога, што можа даць чалавеку Бог.

Кардынал заклікаў быць уважлівымі і асцерагацца, каб ніхто не змог падрэзаць крылы моладзі ілжывымі каштоўнасцямі і імкненнямі, якія адкідаюць Бога: «Ваш народ вядомы сваёй дабрынёй і пакорай. Але калі мы дазволім падкупіць сябе ілжывым вобразам, якія часта прыходзяць да нас: мужчыны і жанчыны, якія маюць поспех толькі дзякуючы знешняй прыгажосці, якая прамінае, або папулярнасць, што ў іншых выклікае зайздрасць, людзі, гатовыя на ўсё дзеля грошай, — у такім выпадку ёсць небяспека, што вашыя натуральныя каштоўнасці будуць пашкоджаныя. Тут вы павінны выбраць, як некалі народ Ізраэля, паміж Богам і ідаламі, паміж Тым, хто стварыў i любіць вас, і маленькімі рэчамі, якія могуць зрабіць вас сваімі нявольнікамі. Ад вашага адказу будзе залежаць ваша вера, ваша будучыня і будучыня вашай краіны.

Толькі тыя людзі, якія вераць у высокія каштоўнасці і змагаюцца, каб дасягнуць іх, сапраўды з’яўляюцца грамадзянамі, якія дапамагаюць сваёй краіне ісці наперад да стабільнай лепшай будучыні».

Тэкст гаміліі цалкам.

 

Напрыканцы святой Імшы прадстаўнікі ўсёй беларускай моладзі падзякавалі кардыналу за ўдзел і прамоўленае слова.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч таксама звярнуўся да Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка: «Вы бачыце Касцёл у Беларусі жывым і маладым, які супрацьстаіць выклікам сучаснага свету і чакае Папу!»

«На Усходзе кажуць, што Бог любіць Тройцу. Святая Тройца — гэта Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Святы. Кажучы, што Бог любіць Тройцу, мы выказваем надзею, што калі не з першага ці другога разу, то з трэцяга, напэўна, здзейсніцца мара. Мы чакалі Яна Паўла II. Яму не было дадзена прыехаць. Мы чакалі Бэнэдыкта XVI. Тое ж самае. Цяпер застаецца адна надзея на Папу Францішка, — сказаў арцыбіскуп і дадаў:

Эмінэнцыя, ёсць адно выказванне, якое гучыць так: “Калі ў цябе ёсць мара, падзяліся ёю з іншым, тады яна можа стаць рэчаіснасцю".

Нашай марай дзелімся з Вамі, Эмінэнцыя! Перадайце Пантыфіку нашае гарачае прывітанне, а таксама з глыбіні сэрца зыходзячую просьбу наведаць Беларусь з пастырскім візітам. Мы яго прывітаем з любоўю і прымем з беларускай гасціннасцю і малітвай».

Пасля Імшы моладзь і яе душпастыры схіліліся ў малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам — перад Усемагутным, каб менш бачыць, але больш пачуць...

Як тыя дзяўчынкі, якія падчас святой Імшы і aдарацыі спявалі псальм і іншыя спевы. Ім не дадзены дар зроку, але дадзены дар верыць і чуць жыццё так, каб адчуваць, што найбольш.

(AYU)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.