«Шэсць платкоў за 10 долараў», або асаблівасці нацыянальнага турызму | Друк |
Беларусь
23.09.2015 06:48

У Ізраілі і Палесціне працягваецца Нацыянальная пілігрымка беларускіх католікаў, вынікам якой стане ўсталяванне дошак «Magnificat» і «Benedictus» на беларускай мове.

Кожнае турыстычнае месца на Святой Зямлі – улюбёнае не толькі шматлікімі пілігрымамі, але і гандлярамі рознай турыстычнай драбязой. Магніты, фінікі, кнігі, сумкі, бранзалеты... Табе хочуць прадаць гэта ўсё амаль на кожным кроку. Пажадана пабольш, таму прадаюць тут оптам.

«Ксёнжкі, ксёнжкі – дзесёнць долярув», – крычыць на рагу цёмнаскуры араб. «Польскі? Польскі?» – не ўнімаецца ён, калі наша група мінае яго «стыхійна створаны» магазін.

Іншыя гандляры ідуць далей і свае магніты, кнігі, сумкі стараюцца прадаць на стаянцы экскурсійнага аўтобуса. «Шэсць сумка за 10 долараў, шэсць сумка за 10 долараў! Шэсць платок за 10 долараў». Але што мне рабіць з шасцю сумкамі, хай сабе на іх і напісана каляровым «Ierusalem»?

Найбольш «вынаходлівыя» гандляры, паказваючы адной рукой доўгую рэпрадукцыю, другой рукой ужо лезуць у вашу сумку…


«Скінуць сандалі граху»

У другі дзень падарожжа да Нацыянальнай пілігрымкі далучыліся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч і кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч.

Дзень пачынаўся са святой Імшы, якую ў касцёле бернардынскай кустодыі Тэрра Санта ў Ерузалеме цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У сваёй гаміліі іерарх нагадаў вернікам пра асаблівасць ерузалемскай зямлі і заклікаў «зняць сандалі грахоў»:

«Нашы ногі стаяць на Тваёй зямлі, Пане. І мы прыбылі на Святую Зямлю, каб зняць цяжар грахоў. Выракаючыся тут усіх нашых правінаў, мы павінны вярнуцца ў Беларусь тымі, хто не проста верыць у Бога, а ведае сапраўдны смак хрысціянства».


Арцыпастыр заклікаў не быць «штучнымі» хрысціянамі, але быць моцнымі духам і цвёрда стаяць на зямлі. «Няхай гэта пілігрымка ўзновіць нашу хрысціянскую годнасць, каб мы сталі на ногі і адбудавалі сваю годнасць», — пажадаў Мітрапаліт.

У адказ на словы іерарха, пераасэнсоўваючы іх сімвалічнасць, вернікі прыступалі да сакрамэнту Эўхарыстыі, зняўшы сандалі. Босая нага – як сімвал гатоўнасці «перарваць з грахом» і вызваліцца з яго цяжару.


Стракаты Ерузалем

Турыстам на Святой Зямлі ніхто не здзіўляецца. Аднак самі турысты здзіўляюць. Найбольш «бяскрыўдны» варыянт – аматары сэлфі ў святынях і на фона алтароў. Пры гэтым чалавек, магчыма, і не ведае, на фоне чаго робіць здымак.

Пры мне адзін інданезіец, стоячы ў чарзе да Гробу Пана, чытаў на тэлефоне коміксы і правяраў Фэйсбук. Сапраўды, а што яшчэ рабіць на месцы Божага Уваскрасення на Святой Зямлі?

Іншая катэгорыя турыстаў «перагібае» з ушанаваннем сакрамэнталіяў: на свае вочы бачыў, як людзі цалуваюць і ўшаноўваюць, лічы, усё падрад, нават не разабраўшыся, што гэта за абраз і фігуру якога святога яны толькі што пацалавалі.

Другія мацаюць «на шчасце» розныя дзверы, замкі і ўваходныя клямкі ў святынях. Давялося быць сведкам і такога маналогу ў групе адной з пілігрымак: «Скажыце, а дзе тут чырвоныя нітачкі “за здароўе” на руку прадаюць? Хачу купіць адну для калегі. Гэта ж з самой Святой Зямлі!».

 

Чаму ключы святыні Гробу Пана захоўваюцца ў арабскай сям’і?

…Крыжовы шлях вуліцамі Ерузалема стаў наступным пунктам Нацыянальнай пілігрымкі. Шлях пачынаўся ў капліцы Урачыстасці Варнавы і ўмывання рук Понція Пілата побач з касцёлам Бічавання, дзе з Езуса здымалі адзенне, і і пралягаў паўз гарадскі рынак на вуліцы Віа Далароса.

9 прыпынкаў гэтага шляху знаходзяцца ў межах гэтай вуліцы, астатнія пяць — на тэрыторыі святыні Гробу Пана. Варта адзначыць, што на большасці месцаў, вядомых з Крыжовага шляху, сёння пабудаваны капліцы або касцёлы.

Святыня падзелена сёння паміж шасцю канфесіямі хрысціянскай Царквы: грэка-праваслаўнай, каталіцкай, армянскай, копцкай, сірыйскай і эфіопскай. Кожная з канфесій «валодае» ў святыні сваёй часткай і мае адмысловы час на цэлебрацыю Эўхарыстыі.

Каб пазбегнуць канфліктаў у выніку такога падзелу, ключы ад святыні з XII стагоддзя захоўваюцца ў адной з самых старажытных арабскіх сем’яў Нусейбе. Cёння «вартавы» святыні Гробу Пана – Ваджых Нусейбе, які кожную раніцу ў 5.00 адмыкае святыню і амаль увесь дзень сустракае яе наведвальнікаў на ўваходзе.

«Ключы ад святыні павінны перадавацца ў нашай сям’і ад бацькі да сына, — расказаў Сatholic.by мужчына. – У мяне тры дачкі і адзін сын, які і стане маім пераемнікам».

Сучасная святыня Гробу Пана – гэта архітэктурны комплекс, які ўключае ў сябе Галготу з месцам укрыжавання Езуса, а таксама месцамі Яго пахавання і ўваскрасення. Штогод у святыні адбываецца цырымонія сыходу Благадатнага агню.

 

Біблія – настольная кніга экскурсавода

Жыхарка Ізраіля Роза Златапольская — гід нашай групы — называе Святое Пісанне сваёй настольнай кнігай. Жанчына прызнаецца, што прачытаць Евангелле адзін раз мала: для працы яна перачытвае яго пастаянна.

На Святую Зямлю жанчына прыехала калісьці з Крыма, у якім таксама вадзіла экскурсіі.

Для таго, каб атрымаць ліцэнзію гіда на Святой Зямлі, Роза скончыла ў Ізраілі трохгадовы каледж па турызме. Тэрмін дзеяння ліцэнзіі – два гады, затым кваліфікацыю трэба пацвярджаць.

«Вадзіць экскурсіі па Святой Зямлі без ліцэнзіі забаронена, — кажа Роза. — Пры гэтым, напрыклад, кожны з гідаў абавязаны вадзіць турыстаў у канкрэтныя магазіны з турыстычнай драбязой. А яшчэ экскурсаводы з Ізраіля – адныя з тых, каму дазваляецца перасякаць тэрыторыю Палесціны».

Роза прызнаецца, што кожны раз, едучы з экскурсійнай групай у палесцінскі Бэтлеем, яна павінна званіць на КПП Ізраіля і паведамляць, куды едзе. Тое ж самае – пры выездзе. Калі яна забудзецца гэта зрабіць, яе могуць аб’явіць зніклай без звестак…

Ілья Лапато,
Фота Аляксандры Шчыглінскай

 
© 2003-2024 Catholic.by