Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Дзякую, Пане Божа, што даў мне гэта перажыць»: беларускія пілігрымы аднавілі абяцанні хросту ў рацэ Ярдан
Беларусь
26.09.2015 12:51

Пяты дзень Нацыянальнай пілігрымкі на Святую Зямлю стаў для яе ўдзельнікаў багатым на эмоцыі: пілігрымы наведалі месца Нагорнай пропаведзі, памаліліся ў доме св. Пятра і аднавілі хросныя абяцанні ў Ярдэніце — месцы хросту Пана.

r

Услед за Хрыстом

Каб своечасова трапіць на раку Ярдан, убачыць Галілейскае возера і месца Нагорнай пропаведзі — поўнач Святой Зямлі, — беларускім пілігрымам давялося дастаткова рана выехаць з Бэтлеема: дарога займала некалькі гадзін.

Поўнач Святой Зямлі мае больш багаты ландшафт: яшчэ больш кветкавых лістоў пароды бугенвіль, мангавыя сады, дрэвы харызіі з калючымі стваламі…

Спёка тут, аднак, больш адчувальная. Раён Галілейскага возера, у якое ўпадае рака Ярдан, ляжыць на 212 метраў ніжэй за узровень Міжземнага мора, таму высокую вільготнасць нельга не заўважыць.

Вельмі эмацыйным стала для беларускіх пілігрымаў аднаўленне абяцанняў хросту на рацэ Ярдан. Трэба было бачыць, з якой радасцю і душэўным узрушэннем яны – у доўгіх белых кашулях – ступалі ў воды Ярдэніта. Нават пасля акунання ўсмешка яшчэ доўгі час не сыходзіла з іх вуснаў.

Духоўным абнаўленнем назвала акунанне ў Ярдан адна з пілігрымаў Гражына Грынкевіч.

«Да гэтай сустрэчы трэба было рыхтавацца духоўна, каб, акунуўшыся, пазбавіцца ад старых установак: так, як раней, рабіць больш нельга, — кажа жанчына. — Гэта дазваляе ісці хутчэйшымі крокамі да Бога і дае палёгку і ўпэўненасць. Часцей бы толькі набірацца мужнасці і выпраўляць свае памылкі падчас зносін з іншымі людзьмі…»

«Як святар, я шмат разоў хрысціў людзей, а сёння і сам аднавіў гэтыя абавязкі хросту перад Богам, — падзяліўся ўражаннямі пасля акунання ў Ярдан дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. — Аднаўленне абяцанняў хросту нагадала мне, што гэта вялікі дар — быць хрысціянінам».

На рацэ Ярдан да ўдзельнікаў Нацыянальнай пілігрымкі далучыўся Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.


«Страх адкінь»

Далейшы шлях беларускіх пілігрымаў ляжаў праз горад Магдалу, дзе жыла Марыя Магдалена, да Галілейскага возера.

Галілейскае возера (часам яго называюць таксама морам), па вадзе якога хадзіў Езус, мае яшчэ адну назву — Тыберыйскае. Гэтая назва паходзіць ад горада Тыберыя (Тверыя), вядомага тым, што менавіта тут быў напісаны Ерузалемскі Талмуд, і названага так у гонар рымскага імператара Тыберыя.

Возера даўжынёй у 21 км уражвае сваёй прыгажосцю: верхні слой возера — прэсны, ніжні слой — салёны.

На Галілейскім возеры пілігрымы пераселі ў адмысловы карабель, які перавёз іх на іншы бераг.

Падчас паездкі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паспрабаваў сябе ў лоўлі рыбы і ўменні закідваць сеткі — на трэці раз з возера і сапраўды была выцягнута рыбіна, толькі напярэдадні яе туды паклаў экіпаж судна, каб павесяліць пілігрымаў.

Арцыбіскуп у сваю чаргу заахвоціў вернікаў не баяцца «адплываць на глыбіню хрысціянскага жыцця».


«Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць»

Месца Нагорнай пропаведзі, дзе Езус пакінуў свой запавет, стаў наступным месцам, дзе ў гэты дзень зрабілі свой прыпынак беларусы.

На дварэ была спёка ў +43 градусы, а ў ценю мансардаў гэтага месца — незвычайнай прыгажосці краявіды і лагодны спеў птушак. Нездарма гэтае месца называюць гарой Асалоды.

Пасля наведвання Табхі, дзе адбыўся цуд памнажэння хлябоў і рыб, а таксама касцёла першынства Хрыста, пілігрымы прыбылі ў Капернаум.

Тут у святыні, пабудаванай над домам св. Пятра, для пілігрымаў прайшла святая Імша.

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў прысутных да рахунку сумлення і адзначыў, што духоўную праказу праз святара можа вылечыць толькі Хрыстус.

«Імя Езуса — тое, да якога схіляюць свае калені ўсе гісторыкі. Чаму ж часам мы саромеемся стаць на калені перад кімсьці іншым, які дзейнічае ад імя Бога?» — зазначыў іерарх.

На заканчэнне Імшы арцыбіскуп заахвоціў пілігрымаў да духоўнага ачышчэння, каб «прыбыць на Радзіму здаровымі і чыстымі духоўна». Часу ў пілігрымаў засталося зусім няшмат. Нацыянальная пілігрымка заканчваецца 27 верасня.

Ілья Лапато,
фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.