Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Наступная Нацыянальная пілігрымка беларускіх католікаў на Святую Зямлю пройдзе на раку Ярдан
Беларусь
27.09.2015 10:07

У Ярдэніт — месца хросту Езуса, дзе рака Ярдан уваходзіць у Галілейскае мора, — адбудзецца наступная Нацыянальная пілігрымка беларускіх католікаў на Святую Зямлю.

Чакаецца, што малітоўнае падарожжа адбудзецца ў наступным годзе і падчас яго ў Ярдэніце будзе асвечана табліца са словамі з Евангелля паводле Марка «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я» (Мк 1, 11).

Пра гэта Сatholic.by праінфармаваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле слоў іерарха, пакуль гэтая ідэя знаходзіцца на этапе абмеркавання.

«Спачатку на гэта трэба атрымаць дазвол. У выпадку з табліцамі “Magnificat” і “Benedictus” мы ўшчыльную працавалі з Кустодыяй Тэрра Санта на Святой Зямлі, якой належыць тое месца, — распавёў арцыпастыр. — Калі ўсталёўвалі табліцу з тэкстам малітвы “Ойча наш”, то дазвол на гэта мы прасілі ў французскіх уладаў, таму што кляштар “Pater Noster” з’яўляецца ўласнасцю Францыі».

У выпадку з Ярданітам перамовы на ўсталяванне адмысловай табліцы будуць весціся з дзяржавай Ізраіль.

«Пасля хросту ў рацэ Ярдан Езус і распачынае сваю дзейнасць, — дадае Мітрапаліт. — Усталяванне табліцы на беларускай мове ў гэтым месцы будзе важным для беларускіх хрысціян і беларускай культуры».


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што пачатковыя перамовы па гэтым пытанні ўжо пачаліся.

Кіраўнік сёлетняй Нацыянальнай пілігрымкі на Святую Зямлю кс. Раман Факсінскі зазначыў, што як толькі дамоўленасць будзе дасягнута, стануць вядомымі і даты наступнай Нацыянальнай пілігрымкі.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.