Імша развітання з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці: «Маліцеся за мяне, каб я мог быць пасланнікам міру і паяднання» | Друк |
Беларусь
12.12.2015 19:48

Ля дзвярэй мінскага архікатэдральнага касцёла ў зімовы, але па-восеньску вільготны дзень, апоўдні Апостальскага Нунцыя Клаўдыё Гуджэроцці, які завяршае сваё служэнне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі, актыўна сустракалі фота- і відэакамеры. Вернікі чакалі ў святыні, а пры дзвярах вітаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

12 снежня адбылася Імша развітання і падзякі за чатырохгадовае служэнне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. На Імшы маліўся епіскапат, святары і кансэкраваныя асобы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, таксама прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай і Беларускай Праваслаўнай Цэркваў.

На пачатку гаміліі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прывітаў іерархаў, святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў.

«Гэта Бог просіць мяне пайсці ў іншае месца голасам Папы, які пасылае служыць у суседнюю краіну. І толькі Бог ведае боль майго сэрца і ўспаміны, якія я маю, развітваючыся з Беларуссю»,  прызнаўся арцыбіскуп, дадаючы, што яго сэрца поўніцца любоўю і ўдзячнасцю да ўсіх.

Іерарх заўважыў, што на працягу чатырох гадоў служэння ў Беларусі быў сведкам духоўнага ўзрастання народа.

«Я адчуваў цеплыню вашых сэрцаў і вашае прагненне захаваць мір, а таксама прагненне служыць Богу ў супакоі» сказаў арцыбіскуп.

«Я сведка пошуку вашай унутранай свабоды»

«Сапраўдная свабода пачынаецца ў сэрцы, і я быў сведкам вашага пошуку ўнутранай свабоды. Свабода знешняя  знак праяўлення свабоды ўнутранай. І мы шукаем паўсюднай свабоды чалавека на зямлі. Аднак, калі мы змагаемся толькі за сваю ўласную свабоду, то мы змагаемся за ўласны эгаізм.

Мы ўсе з’яўляемся слугамі на дарозе да свабоды, найперш свабоды ў адносінах з Богам. Мы слугі Божай свабоды. Свабоды Бога, які любіць свой народ і за яго памірае на крыжы. Гэта свабода ад ідалаў і маніпуляцый, незалежна ад таго, адкуль яны паходзяць. Свабода будаваць, а не свабода разбураць.

Гэта свабода для ўсяго майго народа, а не толькі для мяне, не купленая за грошы і моцай улады. Гэта свабода быць слугой свайго народа. Шукайце яе, маліцеся аб свабодзе для свайго народа»,  сказаў арцыбіскуп.

Іерарх заклікаў, каб беларусам «было вялікім шчасцем сустракаць адзін аднаго і дзяліцца сабою з іншымі»; заахвоціў маліцца аб свабодзе, якую нельга зламаць, якая запісана ў сэрцы чалавека, і якую ніхто не зможа скрасці, хоць і былі спробы праз разбурэнне Касцёла, разбурэнне супольнасці вернікаў.

Арцыбіскуп перасцярог, што на сённяшні дзень небяспекаў не стала менш і вораг, які заахвоціў Еву з'есці забаронены плод, вельмі хітры і нябачны, спакушае з'есці тое, што, як здаецца, зробіць людзей шчаслівымі, але насамрэч скіне на ўзбочыну дарогі, дзе ўсё жыццё будзе страчана.

Іерарх заклікаў не быць крывадушнымі фарысеямі, якія звонку выглядаюць беззаганнымі, а ўнутры падобныя да гнілога яблыка; асцерагацца быць тымі, хто забіў сваю ўласную свабоду і хоча забіць свабоду іншых.

«Дарагія святары, і гэта небяспека ў першую чаргу пагражае нам!  заўважыў арцыбіскуп. — Не трэба быць прыгожымі толькі звонку, а ўнутры быць поўнымі мёртвых касцей».

Іерарх нагадаў, што Год Міласэрнасці, які распачаўся ў Касцёле, — гэта час Міласэрнасці Бога да людзей. «Але, каб атрымаць гэтую міласэрнасць,  дадаў арцыбіскуп, — трэба найперш прызнаць уласны грэх, не апранаць яго ў адзенне цноты».

Блізкасць кожнага з вас

«У гэты момант я дзякую Богу за дар блізкасці кожнага з вас»,  сказаў арцыбіскуп.

Таксама арцыпастыр падзякаваў Маці Божай, руку якой «далікатна адчуваў у сваім жыцці».

Іерарх падзяліўся, што заўтра прыватна наведае Будслаўскі санктуарый, як зрабіў гэта на самым пачатку свайго служэння ў Беларусі, каб у цішыні памаліцца.

Арцыпастыр падзякаваў усім біскупам, з якімі было пройдзена шмат цяжкіх і вельмі радасных і глыбокіх момантаў, і назваў іх носьбітамі беларускай культуры, якім увесь час трэба ісці наперад, каб не губляць духоўнай дынамікі.

Біскупскае адзенне іерарх параўнаў з адзеннем пілігрыма, а рукі біскупаў
 з рукамі самога Бога, а таксама параіў біскупам, каб «той момант, калі гэтыя рукі будуць цалаваць людзі, вырываў іх у тую прастору, дзе жыве і пакутуе гэты народ».

Дзякуючы біскупам за ўсё, што яны робяць, арцыпастыр дадаў, што «рабіць можна заўсёды яшчэ больш».

Да святароў іерарх звярнуўся з заклікам рыхтаваць якасныя гаміліі для сваіх вернікаў, тэксты якіх не трэба шукаць у інтэрнэце, але трэба заўважаць у вачах тых людзей, якія прыйшлі да алтара, каб паслухаць.

«Будзьце ўважлівыя, гэты народ не прызвычаены, каб пратэставаць. Гэтыя людзі не спытаюцца, чаму вы прыйшлі непадрыхтаванымі; гэтыя людзі зробяць толькі адно
 адыдуць і больш не вернуцца, асабліва моладзь. 

І калісьці Бог у вас запытае пра кожнага чалавека, які выйшаў са святыні і больш у яе не вярнуўся»,  сказаў арцыбіскуп.

Арцыпастыр таксама звярнуўся да законных сясцёр і братоў, заклікаючы, каб кожная манаская супольнасць прынесла сваю фарбу, свае дары, з мэтай прынясення якіх і была заснавана.

Звяртаючыся да свецкіх людзей, якія служаць Касцёлу, арцыбіскуп пажадаў, каб іх было яшчэ больш: «Бо Касцёл — гэта не ўласнасць ксяндзоў і манахаў, гэта ваш Касцёл. Гэта ваш Касцёл, калі вы моліцеся разам са святарамі. Гэта ваш Касцёл, калі вы пакліканыя служыць яму. Вы  рукі Хрыста.

Фінансы Касцёла  гэта ваша адказнасць, а не адказнасць святароў.

Вы павінны разам са святарамі займацца фінансамі ў Касцёле і дапамагаць святарам зразумець, што фінансы ў Касцёле належаць усім, як і міласэрнасць».

Таксама Апостальскі Нунцый падзякаваў вернікам, якімі была запоўнена катэдра, і ўсім вернікам Беларусі, дадаўшы: «Вы захапляецеся прыгажосцю Касцёла. Пакажыце іншым, наколькі прыгожа быць веруючым чалавекам!»

«Grazie babushkam!»

Дзякуючы «бабулям Беларусі», арцыпастыр падкрэсліў іх вялікае і моцнае жаданне жыць, якое яны ўзялі з таго, што вытрывалі ў свой час сапраўднае пекла: «Я вам дзякую ад імя вашых унукаў, якіх вы вучыце, што ў жыцці патрэбна шчасце, моц і рашучасць».

Усяму беларускаму народу арцыбіскуп падзякаваў за лагоднае сэрца: «Я дзякую, бо гісторыя пакут гэтага народа як і гісторыя Жанчыны, якая стаіць пад крыжам у момант смерці Хрыста: яна даручана Яму, а Ён даручаны Ёй.

Каб паказаць прыгажосць веры беларускага народа, іерарх зацытаваў радкі з верша Рыгора Барадуліна «Даць вырасці…» са зборніка «Ксты»:

"Нялёгкая праца,
Нялёгкаадольная праца —
Страх у сабе знябыць.
Бога не трэба баяцца —
Бога трэба любіць".

Арцыбіскуп выказаў падзяку і ўсім, хто быў побач з ім увесь гэты час.

Напрыканцы іерарх падзякаваў беларускім лясам, палям і кветкам: «Гэта дзякуючы прыродзе я змог зразумець, хто вы такія. І гэта з беларускай прыроды вырастаюць прыгожыя святыні, як працяг яе прыгажосці».

«Маліцеся, каб я жыў пастаянным  навяртаннем»

Таксама арцыбіскуп папрасіў прабачэння:

«Прашу прабачэння за ўсе памылкі, недахопы любові, за недахоп таго Нунцыя, якога вы шукалі і не знайшлі. Маліцеся, каб я жыў пастаянным навяртаннем, якім з'яўляецца жыццё чалавека.

Я вас палюбіў і для мяне гонар адчуваць сябе адным з вас!..

Прашу аб адным, моладзь і не толькі моладзь, не чакайце, каб сказаць, што вы любіце, гэта не слабасць — любіць іншага чалавека. Дазвольце любові свабодна хадзіць па вашых вуліцах».

Арцыбіскуп папрасіў аб малітве за яго: «Маліцеся, каб я мог быць пасланнікам міру і паяднання, каб мог несці любоў Бога і Папы Францішка… Маліцеся за вашых братоў ва Украіне… Любіце Бога, любіце адзін аднаго і любіце жыццё».

Перад благаслаўленнем Папы, якое ўдзяліў арцыбіскуп з просьбаю да ўсіх святароў перадаць яго вернікам сваіх парафій, прагучалі словы падзякі і развітання ад беларусаў.

«Вы  як чалавек Адраджэння, чалавек культуры, які аб'ядноўвае і Захад, і Усход», — звярнуўся да арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Аляксандр Шымбалёў.

Ад імя ўсіх кансэкраваных асобаў слова падзякі прамовіў а. Міхаіл Цвячкоўскі МІС, самыя малодшыя вернікі  выхаванцы Місіі Добрага Самараніна — падарылі букет з блакітных васількоў, якія для арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці знайшліся нават узімку, як калісьці кветкі ў казцы пра Дванаццаць месяцаў.

Арцыпастыру падарылі таксама карціну з напісаным Нацыянальным санктуарыем Маці Божай Будслаўскай. Сваю пашану і любоў да Маці Божай арцыбіскуп выказаў, стаўшы на калені і пацалаваўшы выяву гэтай святыні, у якой маліўся шмат разоў. 

Наш Народны Нунцый

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім развітальным слове з гонарам адзначыў: «Вы ўвайшлі ў гісторыю нашага народа! Вы наш народны Нунцый!»

У гісторыі Беларусі ёсць народныя героі, паэты, артысты, а Нунцыя яшчэ не было, але, на шчасце, з'явіўся, каб, магчыма, стаць і Народным Нунцыем братняга і суседняга ўкраінскага народа, з якім беларусы яшчэ больш з'яднаюцца праз прадстаўніка Святога Пасаду.

Аксана Ючкавіч
Фота Аляксандры Шчыглінскай

 
© 2003-2024 Catholic.by