Кнігу сястры Люцыі — сведкі фацімскіх аб’яўленняў — выдадуць на беларускай мове (абноўлена) | Друк |
Беларусь
05.10.2016 10:36

Кнігу «Фацімскае пасланне» сястры Люцыі, якая была адной з трох сведкаў аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, выдадуць па-беларуску. Перакладам і падрыхтоўкай кнігі да друку будзе займацца выдавецтва «Pro Christo».

Пра гэта Catholic.by паведаміў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які знаходзіўся з візітам у Фаціме, дзе 4 кастрычніка ён асвяціў дзве фігуры Маці Божай для перэгрынацыі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Напрыканцы візіту каталіцкі іерарх наведаў кляштар сясцёр кармэлітанак у Каімбры, дзе ў свой час жыла с. Люцыя.

Варта адзначыць, што менавіта ў кляштары ў Каімбры арцыбіскуп Кандрусевіч тры разы сустракаўся з манахіняй пры яе жыцці.
«Мэтай паездкі была просьба атрымаць дазвол на пераклад і выданне невялікай кніжыцы с. Люцыі “Фацімскае пасланне”, — адзначыў іерарх. — У тым жа пакоі, дзе ў 1991 годзе я бачыўся з с. Люцыяй, я сустрэўся з кіраўніцтвам кляштара і атрымаў дазвол на пераклад і публікацыю гэтай кнігі».

На завяршэнне малітоўнага падарожжа ў Фаціму беларускія пілігрымы прынялі ўдзел у ружанцовым набажэнстве ў капліцы фацімскіх аб’яўленняў, дзе, як і напярэдадні, малітва «Вітай, Марыя» гучала на беларускай мове.


(IL)фота кс. Аляксея Раманчука і кс. Антонія Клімантовіча

 
© 2003-2024 Catholic.by