Больш за 2300 пешых пілігрымаў прыйшло на ўрачыстасці ў Будслаў | Друк |
Беларусь
30.06.2017 17:29

За хвіліну да ўваходу ў санктуарый яны ўсміхаюцца, гучна спяваюць і махаюць хусцінкамі. Яны дайшлі! Яны ў Будславе!!

Змазоленыя і загарэлыя, сасмаглыя, змучаныя дарогай, але шчаслівыя. Яны пяшком пераадолелі дзясяткі і сотні кіламетраў, і вось яны тут.


Хтосьці з іх, каб трапіць у Будслаў, выйшаў з дому дзевяць дзён таму, як пілігрымы з Ліды і Баранавічаў. Іншыя – восем дзён не начавалі дома, як пілігрымы з Віцебска. Сем дзён былі ў дарозе браслаўскія і гудагайскія вернікі...


Увесь гэты час яны ішлі, спыняючыся на начлег у добрых людзей або ў палатцы пад адкрытым небам, каб сваю апошнюю ноч пілігрыма правесці ў Будславе.

Угледзiмся ў іх твары.


 

Сёлета ў Будслаў прыйшла 21 пешая пілігрымка. Самай шматлікай стала пілігрымка з Баранавіч (267 чалавек). Гэтая ж пілігрымка пераадолела больш за ўсё кіламетраў – 293.

ТОП-7 пілігрымак па колькасці ўдзельнікаў:

  • Пілігрымка з Маладзечна – 218 чалавек
  • Пілігрымка з Нарачы – 202 чалавека
  • Сямейная пілігрымка руху Equipes Notre-Dame – 200 чалавек
  • Пілігрымка з Глыбокага  – 176 чалавек
  • Пілігрымка з Мінска  – 155 чалавек
  • Cалезіянская пілігрымка са Смаргоні – 139
  • Пілігрымка з Гудагая – 123 чалавекі

У святыню яны ўваходзяць на каленях. На каленях яны ж праходзяць праз увесь касцёл да алтара. У цішыні. Многія трымаюць у руцэ ружанец. Хтосьці выцірае салёныя вочы хусцінкай.


Гэта – іх час. Толькі Марыя ведае іх інтэнцыі, якія яны ў цішы сэрца прамаўляюць зараз да яе.

Ілья Лапато, фота Аляксандры Шчыглінскай

 
© 2003-2024 Catholic.by