З разважанняў Яна Паўла ІІ аб Божай Міласэрнасці | Друк |
Беларусь
02.05.2011 10:21
1 мая 2011 г. перад урачыстай літургіяй у Ватыкане, падчас якой Ян Павел ІІ быў залічаны да благаслаўлёных, адбылася малітва Вяночак да Божай Міласэрнасці. У разважаннях былі выкарыстаны ўрыўкі з гамілій Яна Паўла ІІ падчас кананізацый с. Фаўстыны Кавальскай і а. Піо з П’етрэльчыны, а таксама беатыфікацыі Маці Тэрэзы з Калькуты.

Прапануем тэксты разважанняў.

1. Гамілія Яна Паўла ІІ
(нядзеля 30 красавіка 2000 г., кананізацыя с. Марыі Фаўстыны Кавальскай)


«Дзякуйце Пану, бо Ён добры, бо ласка Яго на вякі» (Пс 118, 1)

Гэтыя словы спявае Касцёл у актаве святаў Змёртвыхпаўстання Пана, нібы пераносячы словы Хрыста на словы псальма. Словы ўваскрослага Хрыста, які ў Вячэрніку прыносіць вялікае пасланне аб Божай Міласэрнасці і давярае яго апосталам: «Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян 20, 21–23).

Перад тым, як сказаць гэтыя словы, Езус паказаў прабітыя далоні і бок. Указаў на раны мукі, а перш за ўсё раны сэрца — крыніцу, з якой выцякае струмень міласэрнасці да чалавецтва. Сястра Фаўстына Кавальская, благаслаўлёная, якую ад сённяшняга будзем называць святой, убачыла выходзячыя з гэтага сэрца два промні святла, якія асвятлялі ўвесь свет: «Два промні, — растлумачыў ёй сам Езус, — азначаюць кроў і ваду» (гл. «Дзённік»).

Кроў і вада! На думку адразу прыходзіць сведчанне евангеліста Яна: калі на Кальварыі адзін з жаўнераў прабіў дзідай бок Хрыста, Ян бачыў, што з яго выцяклі «кроў і вада» (пар. Ян 19, 34). Кроў прыводзіць на думку ахвяру Крыжа і дар эўхарыстычны, вада ж у сімволіцы Яна з’яўляецца не толькі знакам хросту, але і дару Духа Святога (пар. Ян 3, 5; 4, 14; 7, 37–39).

Праз сэрца Хрыста ўкрыжаванага Божая Міласэрнасць дасягае людзей: «Скажы, дачка Мая, што Я — любоў і міласэрнасць» — патрабаваў Езус ад с. Фаўстыны («Дзённік», 1074). Гэтую міласэрнасць Хрыстус вылівае на ўсё чалавецтва праз спасланне Духа, які ў Найсвяцейшай Тройцы з’яўляецца Асобай — Любоўю. А ці ж не з’яўляецца міласэрнасць «другім іменем» любові (пар. Dives in misericordia, 7), якая робіць прывабным яе найглыбейшы і вельмі ўзрушальны аспект: яе гатоўнасць задавольваць усялякія патрэбы, а асабліва яе бязмежную здольнасць прабачэння?

2. Гамілія Яна Паўла ІІ
(нядзеля 16 чэрвеня  2002 г., кананізацыя а. Піо з П’етрэльчыны)


Айцец Піо быў шчодрым распарадчыкам Божай Міласэрнасці, бо заўсёды быў адкрыты на сустрэчы, духоўнае кіраўніцтва, а асабліва праз сакрамэнт пакаяння. Служэнне ў канфесіянале, якое з’яўляецца адной з характэрных рысаў яго апостальства, прыцягвала незлічонае мноства вернікаў у кляштар у Сан Джавані Ратонда. Таксама тады, калі гэты выключны спаведнік ставіўся да пілігрымаў з уяўнай суровасцю, тыя, усведамляючы цяжар граху і шчыра шкадуючы, практычна заўсёды вярталіся па абдымкі сакрамэнтальнага паяднання, якое прыносіла супакой.

3. Гамілія Яна Паўла ІІ
(Сусветны дзень місій, нядзеля, 19 кастрычніка 2003 г., беатыфікацыя Маці Тэрэзы з Калькуты)


«Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).

Гэты верш з Евангелля (такі важны для таго, каб зразумець служэнне Маці Тэрэзы бедным) стаяў ля асновы яе пераканання, поўнага веры, што, дакранаючыся да параненых целаў убогіх, яна дакранаецца да цела Хрыста. Гэта да самога Езуса, укрытага ў прыгнечанай постаці найбяднейшых з бедных, накіроўвалася яе паслуга. Маці Тэрэза паказвала найглыбейшы сэнс служэння: акт любові да галодных, прагнучых, бежанцаў, голых, хворых, вязняў (пар. Мц 25, 34–36) адносіцца да самога Езуса.

Распазнаючы Яго, яна служыла Яму з поўнай адданасцю, выражаючы ўсю пяшчоту сваёй любові, якую абяцала на векі. Так, цалкам давяраючыся Богу і аддаючы сябе бліжняму, Маці Тэрэза змагла ўпоўні рэалізаваць сябе, жывучы высакароднымі каштоўнасцямі сваёй жаноцкасці. Яна хацела быць знакам «Божай любові, Божай прысутнасці, Божага спачування» і такім чынам нагадаць пра каштоўнасці і годнасць кожнага з дзяцей Божых, «створаных для любові і каб быць любімымі». Так Маці Тэрэза «вяла душы да Бога і Бога да душаў», заспакойваючы прагненне Хрыста, скіраванае асабліва да людзей найбольш патрабуючых, у якіх успрыманне Бога было патрывожана цярпеннем і болем.

4. Гамілія Яна Паўла ІІ
(нядзеля 30 красавіка 2000 г., кананізацыя с. Марыі Фаўстыны Кавальскай)


Што прынясуць нам надыходзячыя гады? Якою будзе будучыня чалавека на зямлі? Мы не можам гэтага ведаць. Аднак мы ўпэўнены, што побач з чарговымі поспехамі будзе нямала і балеснага вопыту. Аднак святло Божай Міласэрнасці, якое Бог у пэўнай ступені захацеў даверыць свету, нанава праз харызму с. Фаўстыны раз’ясніць шляхі чалавека ў трэцім тысячагоддзі.

Аднак неабходна, каб чалавецтва, падобна як некалі апосталы, прыняло сёння ў вячэрніку гісторыі Хрыста ўваскрослага, які паказвае раны пасля ўкрыжавання і паўтарае: Супакой вам! Трэба, каб чалавецтва дазволіла прасякнуць сябе Духам Святым, якога дае ўваскрослы Хрыстус. Гэта Дух лечыць раны сэрца, звальвае сцены, якія аддзяляюць нас ад Бога і адно ад аднаго, дазваляе нанава цешыцца любоўю Айца і братэрскай еднасцю.

5. Гамілія Яна Паўла ІІ
(нядзеля 30 красавіка 2000 г., кананізацыя с. Марыі Фаўстыны Кавальскай)


Кананізацыя с. Фаўстыны асабліва красамоўная. Праз гэтую кананізацыю жадаю сёння перадаць пасланне міласэрнасці новаму тысячагоддзю. Перадаю яго ўсім людзям, каб вучыліся штораз глыбей пазнаваць праўдзівае аблічча Бога і праўдзівае аблічча чалавека.

Таму што любоў Бога і любоў чалавека непадзельныя, як нагадваецца ў Першым Пасланні св. Яна: «Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і выконваем запаведзі Яго» (1 Ян 5, 2). У гэтых словах Апостал выражае праўду аб любові, указваючы, што яе мерай і крытэрыем з’яўляецца выконванне запаведзяў.
 
© 2003-2024 Catholic.by