Пасляслоўе да працэсіі Божага Цела ў Мінску: «Не культпаход, але дабравольная малітва» | Друк |
Рознае
01.06.2015 16:26

31 мая, калі Каталіцкі Касцёл разам з Праваслаўнай Царквой адзначаў адно з найбольшых святаў - урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, па вуліцах Мінска ад касцёла на Залатой Горцы з алтарамі на плошчы Перамогі, Кастрычніцкай, каля Чырвонага касцёла і архікатэдры прайшла велічная працэсія Божага Цела. Яна стала чарговым сведчаннем веры мінскіх католікаў і гасцей сталіцы.

Колькасць удзельнікаў склала да 10 тысяч (маючы на ўвазе тое, што не ўсе прайшлі ад Залатой Горкі да архікатэдры, бо адлегласць вельмі вялікая, то агульная колькасць удзельнікаў з тымі, якія прайшлі ўвесь шлях, і тымі, якія прайшлі яго частку, магчыма, склала каля 10 тысяч чалавек).

Сярод прысутных было шмат моладзі і дзяцей, якія ў гэтым годзе прынялі Першую святую Камунію, публічна вызналі сваю веру ў Эўхарыстыю, якая з’яўляецца цэнтральным сакрамэнтам, у якім мы не толькі сустракаемся з Хрыстом, але Ён сам становіцца духоўнай ежай, якая гарантуе шчаслівае жыццё на зямлі і вядзе ў вечную радасць.

«Сам факт прысутнасці такой вялікай колькасці людзей, якія дабравольна прыйшлі на працэсію, іх малітоўны настрой і засяроджанасць з’яўляюцца найбольш яскравым сведчаннем патрэбы Бога ў сэрцы сучаснага чалавека», — адзначае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Сапраўды, эўхарыстычная працэсія была менавіта малітвай, а не культпаходам», — дадае іерарх.

Працэсія выклікала вялікую цікавасць у грамадстве. Аб гэтым сведчыць тое, з якой павагай і пашанай выпадковыя людзі сустракалі працэсію.

Сведчаць аб гэтым і шматлікія фотарэпартажы і выказванні ў розных сродках масавай інфармацыі. Усё гэта з’яўляецца пацвярджэннем таго, што беларускае грамадства, нягледзячы на выклікі секулярызму, шукае духоўнасці і адкрыта на яго.

У сувязі з гэтым працэсія Божага Цела стала своеасаблівым актам новай евангелізацыі, мэтай якой з’яўляецца прывесці чалавека да асабістай сустрэчы з Богам. Гэтай евангелізацыі патрабуе сучасны свет, не толькі ў краінах, дзе Евангелле яшчэ не абвяшчалася, але і там, дзе яно мае багатую гісторыю, але дзе людзі яго паспелі забыцца або атэістычны рэжым не даў ім магчымасці яго пазнаць, як гэта было на нашай зямлі.

Працэсія стала чарговым знакам сапраўднага цуду адраджэння веры ў нашай краіне, аб чым цяжка было б марыць яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму, калі ў Мінску не было аніводнага касцёла і аніводнага святара, які мог бы цэлебраваць Эўхарыстыю і, як хлебам вечнага жыцця, насычаць ёю людзей. Але Бог паказаў, што Ён піша проста на пакручастых лініях гісторыі і ставіць апошнюю кропку над “і”. Яму слава і хвала на вякі.

(Рэд.)

 
© 2003-2024 Catholic.by