Сімвалы Божага Нараджэння: белы абрус | Друк |
Рознае
22.12.2015 09:57

Даматканы абрус ужо знойдзецца не ў кожнай гаспадыні, але многія захоўваюць гэтыя шараватыя або выбеленыя ільняныя абрусы, якія засталіся ад прабаляў і бабуляў, каб рассцяліць на засенены вігілійны стол.

«Ці абавязкова, Тэрэза Генрыхаўна, каб абрус быў белы?» — пытае Ганна, якая забеглася да суседкі, каб перадаць вігілійную аплатку, якую сёння прывезла з Навагрудка.

«Ганка, сама паразваж», — хітравата адказвае тая з-пад хусткі, з якой выбіваліся сівыя валасы, дадаткова крыху забеленыя мукой, з якой Тэрэза Генрыхаўна рыхтавала посныя хлябцы на заўтра (а заўтра якраз і быў час вігіліі).

«Абрус на алтары Пана ці, Ганка, бачыла, каб быў колеру якога блакітнага ці зялёнага? Вядома, не, а гэты вігілійны стол нагадвае нам і Вячэру Пана, і таксама сімвалізуе алтар, толькі хатні алтар, за якім збіраецца ўся сям’я ў духоўным паяднанні і прымірэнні.

А яшчэ сімвалізуе пялюшкі, якімі Маці Божая ўкрывала Немаўля-Збаўцу», — распавяла гаспадыня, завіхаючыся ля пліты.

Ганка пабегла далей, каб перадаць навагрудскія аплаткі яшчэ адной спадарыні, што таксама яе прасіла аб іх, а сама сабе ў галаве прыгадвала: а дзе ж яе абрус схаваны, які колісь падарыла бабуля, на ім яшчэ злёгку былі вышыты валошкі, дробныя, але прыгожыя.


«Напэўна, на трэцяй паліцы ў малой шафе», — падумала яна, стукаючыся ў дзверы да спадарыні Яніны.

А вы падрыхтавалі белы абрус на вігілію?


Матэрыялы па тэме:

 Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2024 Catholic.by