Айцец Шымбалёў: «Астраномія і тэалогія маюць розныя аб’екты пазнання, але вельмі добра дапаўняюць адна адну» | Друк |
Рознае
21.01.2016 14:05

Протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, які кіруе аддзелам адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі Праваслаўнай Царквы, у інтэрв’ю часопісу «Ave Maria» распавёў пра сваю вучобу на астранамічным аддзяленні фізічнага факультэта. Святар скончыў універсітэт у Адэсе (Украіна).

«У Беларусі, на жаль, астраномію спецыяльна не выкладаюць. Але я лічу, што гэта навука як імкненне да пазнання сусвету ва ўсіх яго праявах датычыць і рэлігіі», — сказаў а. Аляксандр Шымбалёў.

Што агульнага паміж тэалогіяй, астраноміяй і астралогіяй?

«Астраномія і тэалогія маюць розныя аб’екты пазнання, але вельмі добра дапаўняюць адна адну, — лічыць святар. — Астраномія вывучае нябесныя целы і іх сістэмы, тэалогія — імкненне пазнаць Бога і зносіны Бога з чалавекам».

— Як Вы лічыце, чаму ў наш час навуковага прагрэсу так шмат людзей захапляецца астралогіяй?

— Навука ў сваёй дасканаласці стала цяжкаю для зразумення простым чалавекам. Рэлігія заклікае да цяжкага шляху ўдасканалення душы і імкнення да Бога. Навука і хрысціянскі шлях да Бога патрабуць вялікіх высілкаў, а астралогія простай мовай кажа, што ўсё вырашана без нас і трэба толькі заплаціць грошы, каб даведацца аб гэтым у астролага.



На пытанне пра падабенства паміж астраноміяй і астралогіяй а. Аляксандр Шымбалёў зазначыў, што гэтае падабенства заключана толькі ў тым, што астролагі выкарыстоўваюць астранамічныя разлікі ў сваёй гадальнай практыцы.

«Вучэнне астралогіі не знайшло пацвярджэння ў навуковых доследах і з’яўляецца своеасаблівым гаданнем з навукападобным абгрунтаваннем і псеўдарэлігійнымі рысамі», — падкрэслівае святар.

Паводле «Ave Maria», (IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by