Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Другая адвэнтавая антыфона | Друк |
Рознае
04.12.2016 07:09

O, Пан

Сёння, каб знайсці цішыню і супакой, мы будзем вучыцца паўтараць вельмі важнае слова. Усведамі, дзе ты знаходзішся… як сябе адчуваеш… што з табой адбываецца… аддай гэта ўсё Богу… Потым папрасі ў Бога тое, чаго прагнеш у сённяшняй малітве… напрыклад, прызнаць Езуса сваім Панам, альбо штосьці іншае… затым вазьмі арамейскае слова Maranatha, якое азначае «Прыйдзі, о, Пане», і паўтарай яго ў рытме дыхання… Maranatha. Некалькі хвілін… Калі штосьці адцягнула тваю ўвагу, проста вярніся да слова.

Антыфона:

Пан і Валадар Ізраэля,
Ты ў палаючым кусце аб’явіўся Майсею
і на Сінаі даў яму закон,
прыйдзі і вызвалі нас сваім магутным плячом.

Вучні часам называлі Езуса Панам. Верагодна, і ты гэтак звяртаешся да Яго — і слушна робіш. У некаторых выпадках Езус і сам пра сябе так гаворыць.

Слова «Пан» азначае ўладу і нагадвае пра словы Хрыста, якімі заканчваецца Евангелле паводле Мацвея: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі». Апошнія Ягоныя словы гучаць як суцяшэнне, якое не варта забываць: «І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку».

Такім чынам, Ён будзе з намі, і ўся ўлада належыць Яму. У гэтую цёмную зімовую пару нам няма чаго баяцца.

Дазволь жа Езусу быць з табой. Што Ён хоча табе адкрыць? А што ты хочаш, каб Ён ведаў?

У канцы XIV стагоддзя Еўропа апынулася ў абцугах чумы, і многія ўжо баяліся, што свет набліжаецца да канца. У гэты змрочны час Юліяна з Норвіча, містык і багаслоў, адкрыла людзям вобраз Бога, які прабывае з гэтым неспакойным светам.

Яна сцвярджала: якія б няшчасці нас не напаткалі, з якімі выклікамі мы б не сутыкнуліся, — Езус ёсць Панам, і Ён заўсёды з намі. Юліяна адчула, што Бог сказаў: «Усё будзе добра, і ўсё ідзе да дабра, і кожная рэч будзе добрай». Яна пакінула ў сваіх запісах і наступныя словы, скіраваныя да яе і да нас: «Паглядзі, Я – Бог. Паглядзі, Я ёсць ва ўсім. Паглядзі, Я раблю ўсё. Паглядзі, Я ніколі не спыняю сваёй працы, і так будзе вечна. Глядзі, Я вяду ўсё да завяршэння, якое Я прадвызначыў яшчэ да пачатку часоў, з той жа моцай, мудрасцю і любоўю, з якімі Я стварыў усё. Як штосьці можа быць не так?»

Гэта запрашэнне даверыцца Божаму Провіду. Нам не трэба звар’яцела намагацца выправіць усё, што ў свеце яшчэ няправільна.

Зараз вярніся зноў да слова Maranatha. Выдыхаючы паветра, дазволь адысці неспакою за сваё жыццё і будучыню.

Аднак давер Божаму Провіду не дае права на пасіўнасць. І калі ты зрабіў выснову, што не трэба нічога рабіць па той прычыне, што Езус ёсць Панам, — то моцна памыліўся. Мы пакліканыя абраць сярэдні шлях, на якім можам пачуць Езуса, нашага Пана, які заахвочвае нас працаваць з Ім дзеля дабра ўсяго свету.

Якім чынам Езус кліча цябе да супрацоўніцтва з Ім? Прыслухайся да Яго. Адкажы Яму.

Ведаючы, што мы можам поўнасцю даверыцца Богу, мы не мусім празмерна спадзявацца на сродкі бяспекі, якія прапануе свет. Затое мы можам больш шчодра дзяліцца сваім часам, талентамі і багаццем.
Адары нас, Пане, даверам да Цябе...
Maranatha . . . Прыйдзі, о, Пане.

О, Мудрасць,
    Пан,
    корань Есэя,
    ключ Давіда,
    Усход,
    Валадар народаў
    Эммануэль,
    прыйдзі, Езу.

ф Адвэнтавыя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» (facebook.com). Пераклад на беларускую мову і апрацоўка тэкстаў — Тэрэса Клімовіч.

Гл. таксама: Адвэнт на Catholic.by: рэкалекцыі з ігнацыянскімі разважаннямі.

 
© 2003-2024 Catholic.by