Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Пятая адвэнтавая антыфона | Друк |
Рознае
25.12.2016 06:15

«Бог вымушаны працаваць над душой таемна і ў цемры, бо калі б мы добра ведалі, што адбываецца, і якая Таямніца, пераўтварэнне, Бог і Ласка задзейнічаныя для нас, у рэшце рэшт, мы спрабавалі б кантраляваць альбо спыніць увесь працэс».

O, Усход

Антыфона
О, Усход, бляск вечнага святла і Сонца справядлівасці,
прыйдзі і асвятлі тых,
хто знаходзіцца ў краіне смяротнага ценю.

Калі ёсць магчымасць, знайдзі месца, дзе на цябе будзе свяціць сонца. Няхай ягоныя цёплыя промні атуляць і сагрэюць цябе.  Святы Ігнацый прапанаваў духоўную версію гэтага практыкавання. Перад тым, як пачаць малітву, нам трэба каля хвіліны пастаяць у цішыні, дазваляючы Богу зірнуць на нас — Богу, які стварыў нас і моцна любіць. Таму прысвяці зараз гэтую хвіліну Яму. Устань, калі можаш, ці застанься сядзець, калі так для цябе лепш. Прабывай у супакоі, і няхай Бог глядзіць на цябе, альбо прабывае з табой такім чынам, як Ён жадае…   

У гэты час зімовага сонцастаяння мы перажываем самыя кароткія дні і самыя доўгія ночы года. Але, нягледзячы на цемру ночы, Езус ззяе, як прамяністы світанак. Бываюць моманты, калі мы эмацыянальна (афектыўна) перажываем гэтую праўду, – і адчуваем сябе суцешанымі. У іншы час мы стараемся верыць у гэты бляск світання, нават калі наша ўласная цёмная ноч азмрочвае нашыя пачуцці. І такое перажыванне таксама з’яўляецца суцяшэннем, хоць і менш адчувальным. Можна назваць гэта больш «суцяшэннем галавы», чым «суцяшэннем сэрца».

У тваім жыцці верай — у дадзены момант — ці адчуваеш суцяшэнне? Датычыць яно сэрца ці галавы? Часам Бог дапускае пэўную сухасць або цемру ў нашым жыцці, але не пакідае нас. Ён застаецца з намі, Ягонае святло не гасне. Проста мы не можам успрымаць гэтае святло. Вось што пісаў на гэтую тэму святы Ян ад Крыжа:

«Трываласць у цемры з’яўляецца падрыхтоўкай да вялікага святла».

«У цёмнай ночы душы ярка цячэ рака Бога».

«Бог вымушаны працаваць над душой таемна і ў цемры, бо калі б мы добра ведалі, што адбываецца, і якая Таямніца, пераўтварэнне, Бог і Ласка задзейнічаныя для нас, у рэшце рэшт, мы спрабавалі б кантраляваць альбо спыніць увесь працэс».

Адзін з канонаў Тэзэ вельмі сугучны сённяшняму разважанню:

З Табой цемра
не будзе цёмнай вакол нас,
А ноч, як светлы дзень, заяснее.

Дзе ты адчуваеш святло Хрыста ў сваім жыцці? З асалодай затрымайся там. Удыхні гэтае святло.

Ці ёсць у цябе цёмныя месцы, куды Бог не павінен зазіраць? Ці адважышся паказаць Езусу гэтыя часткі сябе?

Якім чынам Езус хоча прынесці сваё гаючае святло, каб ахінуць цябе дарэшты цяплом сваёй любові?

Ці дазволіш Яму гэта зрабіць?

О, Мудрасць,
    Пан,
    корань Есэя,
    ключ Давіда,
    Усход,
    Валадар народаў
    Эммануэль,
    прыйдзі, Езу.

 ф

Адвэнтавыя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» (facebook.com). Пераклад на беларускую мову і апрацоўка тэкстаў — Тэрэса Клімовіч.

Гл. таксама: Адвэнт на Catholic.by: рэкалекцыі з ігнацыянскімі разважаннямі.

 
© 2003-2024 Catholic.by