«Тры Каралі»: традыцыі народнага хрысціянства | Друк |
Рознае
06.01.2009 19:04

Урачыстасць Трох Каралёў (Аб’яўлення Пана) устаноўлена ў гонар падзеi, апiсанай у Евангеллi паводле Мацвея: пакланенне мудрацоў Дзiцятку Езусу. Прыбыўшы ў Ерузалем, каб пакланiцца нованароджанаму каралю Юдэйскаму, яны моцна напалохалi цара Iрада, якi бачыў у iх прадказаннi найперш з’яўленне прэтэндэнта на царскі пасад.

Пачуўшы ад кнiжнiкаў i святароў прароцтва пра меркаванае месца нараджэння Збаўцы (пар. Мiх 5, 2; Быц 49, 10; 1 Кр 5, 2) i iдучы ўслед за зоркай з Усходу, мудрацы прыбылi ў Бэтлеем, i зорка спынiлася над месцам, дзе знаходзілася Святая Сям’я: «Увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і ўпалі, і пакланіліся Яму. І адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і мірру. І папярэджаныя ў сне, каб не вярталіся да Ірада, іншай дарогай адышлі ў сваю краіну» (пар. Мц 2, 11–12). Потым, як вядома, былi ўцёкi Святой Сям’i ў Егiпет, забiццё Iрадам немаўлятаў i вяртанне ў Назарэт пасля смерцi жорсткага тырана.

Iмёны мудрацоў — Каспер, Мельхiёр i Бальтазар — у Святым Пісанні не згадваюцца. Яны былi нададзеныя хрысціянскай традыцыяй. Уласна кажучы, у Евангеллi яны i не называюцца царамi, але мудрацамi. Традыцыя з часам надала iм у дадатак яшчэ i царскую годнасць, звязаўшы iх мiсiю, як i ўсе iншыя найважнейшыя падзеi з жыцця Езуса, са Старым Запаветам.

Назва свята «Тры Каралі» — народная, тэалагічная ж назва — Аб’яўленне Пана, або, ва ўсходняй традыцыі, Богаяўленне. Свята Аб’яўлення Пана ўзнiкла на Усходзе, але на Захадзе атрымала новае тлумачэнне: Каталiцкi Касцёл падкрэслiвае унiверсальнасць мiсii Хрыста, яе скiраванасць да кожнага чалавека. Найважнейшы сэнс свята Трох Каралёў у тым, што Хрыстус ад самага пачатку свайго зямнога жыцця аб’явiўся як Збаўца ўсяго свету, а не толькi аднаго народу, як меркавалi старазапаветныя габрэi, якія чакалi Месiю.

Гэтая важнасць падкрэслiваецца тым, што ў першыя стагоддзi хрысцiянства нават Божае Нараджэнне святкавалi ў той самы дзень, 6 студзеня, i толькi потым было вырашана «развесцi» даты гэтых святаў. Праваслаўныя святкуюць Богаяўленне таксама 6 студзеня (большасць, у тым ліку Руская Праваслаўная Царква — паводле юлiянскага календара, г. зн. 19 студзеня), але звязваюць яго не з пакланеннем мудрацоў народжанаму Збаўцу, але з Хрышчэннем Пана, бо пры хросце ў Ярдане Ён таксама быў аб’яўлены народу як Сын Божы i Збаўца (пар. Мц 3, 13–17; Мк 1, 9–11; Лк 3, 21–22). Таму народная назва гэтага свята ў праваслаўных — Хрышчэнне або Вадохрышча.

Паводле Кодэксу Кананiчнага Права гэта абавязковае свята: католiкi ў гэты дзень маюць абавязак удзельнiчаць у св. Iмшы, а таксама устрымлiвацца ад неабавязковай працы. Калi хрысцiянства яшчэ не адступiла перад нацiскам ваяўнiчага атэiзму i гiперспажывецтва, «Тры Каралi» адзначаліся як адно з найбольшых каталiцкiх святаў, i шмат у якiх краiнах — на дзяржаўным узроўнi. Зрэшты, у 9-цi краiнах Еўропы яго святкуюць як дзяржаўнае дагэтуль, у тым лiку ў пратэстанцкiх Швецыi i Фiнляндыi.

У Касцёле ў гэты дзень Хрысту прыносяцца ахвяры: кадзiла як сімвал Боства Хрыста (смала-жывiца дрэва Commiphora abyssinica, якая ўжываецца для бальзамавання), золата як сімвал царскай улады, мiрру як сімвал чалавечай прыроды. А таксама асвячаецца крэйда, якой католiкi штогод пазначаюць дзверы сваiх дамоў крыжыкамi i iмёнамi трох каралёў, напрыклад, K+M+Б (Каспер, Мельхіёр, Бальтазар) або С+M+B (па-лацінску), i ставяць дату ад нараджэння Хрыста, тым самым аддаючы дом i ўсю сям’ю ўладзе i апецы Пана на ўвесь будучы год.

Даўней, напярэдаднi свята, усе дамы, пазначаныя крыжыкамi i iмёнамi трох каралёў, абыходзiлi калядоўшчыкi, апранутыя ў экзатычныя «усходнiя» шаты. Адзiн з «каралёў» чарнiў сабе твар, бо паводле падання адзiн з iх быў чарнаскуры. Як i «звычайныя» калядоўшчыкi, «мудрацы» спявалi традыцыйныя калядкi, а ўзамен атрымлiвалi ад добрых гаспадароў пачастунак. Традыцыйна, у гэты дзень католiкi ва ўсiм свеце пяклi рознае печыва, найчасцей — пiрагi, торты i г. д.

На стол падавалi пераважна тыя самыя стравы, што i на Вiгiлiю. У праваслаўных, дарэчы, напярэдаднi Вадохрышча якраз i адзначалася г. зв. Трэцяя куцця, посная, як i на Божае Нараджэнне, называная «Вадзяная». У панскiх дварах, на ўспамiн пра падарункi, прынесеныя каралямi Езусу, iснаваў звычай абдорваць рознай дробяззю слугаў i чэлядзь.

Iншы «панскi» звычай на гэты дзень (сёння, бадай, даступны кожнаму) — пазычаная з Захаду гульня ў «мiндальнага караля». Той, хто знаходзiў у сваiм кавалку святочнага торта запечаны мiндаль, абвяшчаўся «каралём» кампанii. Часам у пару да «караля» выбiралi i «каралеву», i потым гэтая пара выступала жартаўлiвымi распарадчыкамi забаваў, якiя трывалi ўвесь карнавальны перыяд, г. зн. да Папяльцовай серады (Папяльца). Зрэшты, заходняе слова «карнавал» (ад лацiнскага carne vale — «бывай, мяса!») у нас амаль нiхто не ведаў; па-беларуску, як i па-польску, гэты перыяд, ад Трох Каралёў пачынаючы, называўся «запусты». А па «запустах» распачынаўся Вялiкi пост.

Падрыхтаваў Аляксандр Белы

 
© 2003-2019 Catholic.by