11 фактаў пра манаства: выдумка ці праўда? | Друк |
Беларусь
04.02.2013 09:54
2 лютага ва ўсім Каталіцкім Касцёле адзначаецца Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. З гэтай нагоды журналісты Catholic.by адшукалі найбольш распаўсюджаныя стэрэатыпы пра манаства і прапанавалі кансэкраваным асобам, якія працуюць у Беларусі, пацвердзіць або абвергнуць народныя міфы.
 
Ці праўда, што манахі спяць у труне і падымаюцца а 3-й зранку, каб памаліцца? Ці праўда, што пярсцёнак на руцэ ў законных сясцёр — вясельны пярсцёнак з Езусам? Ці праўда, што манахі павінны жыцць у келлях і займацца самабічаваннем за свае правіны?
 
Ці праўда, што…
 
1) Пры ўступленні ў закон ўсе манахі атрымліваюць новае імя.
 
Адказвае с. Марыя Марыяна Алешчык CSFN, Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі):
 
— Гэта не стэрэатып, гэта частковая праўда. Законныя сёстры сапраўды часта маюць такое права. Пры гэтым новае імя можна выбраць самой (напрыклад, імя святога, які б апекаваўся табой у тваім манаскім жыцці) або папрасіць, каб новае імя табе далі настаяцелі. Можна застацца і пры сваім імені, якое чалавек атрымаў пры хросце.
 
У некаторых мужчынскіх ордэнах такое права таксама было. Змена імені ўвогуле азначае, што чалавек змяняе сваё жыццё. Імя характарызуе нас, таму сапраўды ў кляштарах і, у прыватнасці, у кляштары сясцёр-назарэтанак да сённяшняга часу захавалася традыцыя пры жаданні змяняць сваё імя, такім чынам як бы падкрэсліваючы: я атрымліваю новае імя і гэтым учынкам цалкам змяняю сваё жыццё, прысвячаючы сябе служэнню Богу.
2) Манахі падымаюцца а 3-й зранку і спяць у труне.
 
Адказвае а. Анджэй Юхневіч OMI, Супольнасць Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай (аблаты):
 
— Гэта адназначна стэрэатып. Аднак, трэба зазначыць, што ўсё залежыць ад характару і харызмы канкрэтнага ордэна ці кангрэгацыі ў Касцёле. Ёсць манахі, якія ўстаюць ўначы на некалькі гадзінаў, каб Літургіяй Гадзінаў і асабістай малітвай праслаўляць Бога (напрыклад, ордэн картузіянцаў). Ёсць жа тыя, хто, пакутуючы ад імя ўсёй касцёльнай супольнасці, спіць на драўляных дошках або ў трунах (напрыклад, пустэльнікі Святога Духа з Чэнстаховы ў Польшчы). Але трэба выразна падкрэсліць, што гэта толькі частка манахаў, якія вядуць закрыты, кантэмпляцыйны лад жыцця, а значыць прысвячаюць сябе выключна пакуце і малітве за Касцёл, пазбягаючы пры гэтым знешняй актыўнай апостальскай дзейнасці (напрыклад, парафіяльнае душпастырства).
 
Шэраг манаскіх законаў і кангрэгацый, паводле паклікання, не вядуць настолькі суровае жыццё, каб уставаць уначы на малітоўныя чуванні ці спаць у трунах, бо гэта адбірала б сілу для апостальскай дзейнасці. Напрыклад, Дочкі Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля маюць забарону прымаць на сябе пакутніцкія пасты без дазволу спаведніка, бо заснавальнік свердзіў, што гэта прынесла б шкоду іх паслузе сярод бедных: сястра павінна мець сілы ў служэнні хворым.
3) У манахаў ёсць дзень, калі трэба маўчаць.
 
Адказвае а. Алег Шэнда OFM Cap, Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў:
 
— Насамрэч, гэта думка мае пад сабой глебу. Аскетычнасць манаства сапраўды заахвочвае да маўчання. Маўчанне датычыць сутнасці манаства, хрысціянскага жыцця наогул, але ніякім чынам яно не звязана з канкрэтным днём тыдня.
 
Галоўная мэта хрысціяніна — спазнаць таямніцу Бога. У старажытнасці найбольш руплівыя хрысціяне імкнуліся аддаліцца ад штодзённай мітусні і вырушыць у пустыню, каб там у самотнасці і цішыні разважаць над божымі мудрасцямі. Такія людзі спарадзілі адмысловы лад жыцця, які пасля доўгай эвалюцыі сёння мы называем манаствам.
 
Цішыня, адасобленасць ад свету з аднаго боку з'яўляецца нечым патрэбным, абавязковым у манаскім жыцці, з іншага — усё больш дыфіцытным і цяжка дасягальным. У рэальнасці, улічваючы ўплыў сучасных сродкаў камунікацыі, знайсці цішыню і адасобіцца, шукаючы і спасцігаючы Бога ў цішыні, становіцца ўсё больш складана.
4) Усе манахі — гэта святары.
 
Адказвае а. Раман Шульц OP, Ордэн братоў Прапаведнікаў (дамініканцы):
 
— Гэта не так. Каб зразумець чаму, давайце разгледзім два прыклады манаскіх супольнасцяў.
 
Закон камедулаў, пустэльнікаў (іх кляштары ёсць, напрыклад, у Польшчы), перш за ўсё складаецца толькі з манахаў, якія жывуць паводле правілаў св. Бенэдыкта і не з’яўляюцца святарамі. Сярод іх толькі невялікі працэнт атрымлівае прэзбітарскае пасвячэнне з той мэтай, каб служыць братам і ўдзяляць ім сакрамэнты: Эўхарыстыю, споведзь і сакрамэнт намашчэння хворых. Манахі-святары, гэтаксама як і манахі-несвятары, кіруюцца адзіным правілам: маліся і працуй — ora et labora. Пакліканне манахаў камедулаў палягае перш за ўсё на малітве і працы. Манах, які моліцца, пакутуе за грэшнікаў і працуе, не павінен быць святаром.
 
У законе дамініканаў ад пачатку яго стварэння існуюць так званыя браты- «кааператары-субраты». Яны носяць дамініканскі хабіт, аднак не прымаюць святарскага пасвячэння. Гэтыя браты працуюць у сакрыстыі, на агародзе, у бібліятэцы; сярод іх ёсць шаўцы, краўцы і інш. Яны ўдзельнічаюць у супольнай Эўхарыстыі, у супольных законных малітвах, у супольным харчаванні і адпачынку. Гэта людзі глыбокай малітвы і сузірання. Яны ведаюць Святое Пісанне, чытаюць сур’ёзную духоўную літаратуру і імкнуцца да дасканалай веры. 

У дамініканскім законе святарская паслуга – гэта дадатковае заданне і адказнасць, якія ёсць у большасці манахаў. У манахаў-камедулаў, як мы бачым, усё зусім па-іншаму.
5) Усе манахі жывуць у келлях.
 
Адказвае а. Віктар Бурлака OFM, Ордэн Меншых братоў Бэрнардынаў:
 
— Сутнасць манаскага жыцця — у наследаванні Хрыста. Характэрнай рысай манаства з’яўляюцца манаскія абяцанні: паслухмянасці, убоства і чыстасці, а таксама харызма дадзенай супольнасці.
 
Асаблівай рысай кожнага манаскага ордэна з’яўляюцца аднолькавае адзенне (хабіт) і сумеснае пражыванне ў кляштары — малітва, праца, сумесная трапеза і адпачынак. Усе манахі павінны жыць у келлях, аднак часам бывае па-іншаму. Напрыклад, адзін з нашых братоў — а. Мартынян, як і шмат іншых святароў, з 1947 па 1954 гг. жыў на Калыме ў лагеры для зняволеных, без кляштара і келлі, але ён ні на хвіліну не пераставаў быць францішканінам…
6) Манахам нельга жыць асобна ад супольнасці.
 
Адказвае кс. Эдмунд Друз TChr, Таварыства Хрыста для палякаў эмігрантаў (хрыстусоўцы):
 
— Звычайна манахі жывуць у супольнасці, але існуюць выключэнні, як напрыклад, у маім выпадку. Манахі працуюць на парафіі  звычайна па-двое або па-трое. Але ёсць выпадкі, дзе працуюць па-аднаму. Калі я працаваў у нямецкім Леверкузэне – нас было двое, у Кёльне – двое, у Аахене я быў адзін, таксама і ў Кобленцы. Заўсёды добра, калі атрымліваецца жыць у супольнасці, аднак такая магчымасць існуе не заўсёды. Напрыклад, наша супольнасць хрыстусоўцаў у Беларусі не з’яўляецца толькі кантэмпляцыйнай. Супольнасць актыўная, гэта значыць дзейсная. Таму ва ўсіх нашых цэнтрах — Мядзведзічы, Ганцавічы, Ішкалдзь, Суботнікі, Мінск і Геранёны – мы працуем і жывём асобна.
7)  Манахі няспынна моляцца і за свае правіны займаюцца самабічаваннем.
 
Адказвае а. Аркадзь Куляха OCD, Ордэн Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль (кармэліты босыя):
 
— Час на малітву манахі прысвячаюць у залежнасці ад харызмы. Кармэліты босыя, згодна са Статутам, павінны «жыць у паслухмянасці Езусу Хрысту», а таксама «ўдзень і ўначы разважаць над Божым законам і чуваць у малітве, калі толькі нечым іншым слушным не будуць занятыя».

Святыя Кармэлю вучаць, што малітва павінна ахопліваць усе моманты жыцця манаха, які пастаянна прабывае ў Божай прысутнасці і, памятаючы пра справы і патрэбы Касцёла і свету, заступаецца за людзей перад Богам.
 
Няспынна маліцца — не азначае стаяць на каленях і чытаць або прамаўляць словы малітвы ўвесь час. Нават фізічна гэта немагчыма. Літургія і супольная ці асабістая малітва, для якіх выдзелены адпаведны час, даюць сілы для іншых вымярэнняў манаскага жыцця і апостальскай дзейнасці.
 
Гаворкі пра «самабічаванне за грахі» вынікаюць з гістарычнага кантэксту і звязаныя з няправільным разуменнем хрысціянскай аскезы. Кармэліты, як і манахі іншых ордэнаў, а таксама свецкія вернікі, практыкавалі раней строгі пост і ўмярцвенне цела — прычым не толькі за свае грахі, але і ў інтэнцыі іншых людзей. Такім чынам яны прагнулі ўдзельнічаць у пакутах Хрыста... Паступова, разам з развіццём пазітыўнай тэалогіі чалавечага цела, манахі адышлі ад такіх практык і сёння выбіраюць іншыя формы экспіяцыі і сатысфакцыі за правіны, напрыклад, малітву, дапамогу бліжняму ці адмаўленне ад нечага прыемнага. Варта дадаць, што ў кляштарах ёсць час і на малітву, і на працу, і на адпачынак.
8) Пярсцёнак на руцэ ў законных сясцёр – гэта абручальны пярсцёнак. Законныя сёстры — нявесты Хрыста.
 
Адказвае с. Святлана Грэйць SJE, Кангрэгацыя Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі (эўхарысткі):
 
— Законныя сёстры не ўсіх супольнасцяў носяць пярсцёнкі. Дзесьці такая традыцыя ёсць (менавіта праз пярсцёнак паказаць прыналежнасць Богу), а дзесьці яе няма.
 
У нашай супольнасці (эўхарыстак) сёстры пярсцёнкаў не носяць. Думаю, гэта залежыць ад тых правілаў, якія былі складзены заснавальнікам супольнасці — якім павінна быць адзенне сясцёр, з чаго складацца і г.д.
 
Пярсцёнкі на руках у сясцёр сапраўды можна назваць шлюбнымі: сёстры атрымоўваюць іх пасля таго, як складуць вечныя абяцанні перад Богам: чыстасці, ўбоства і паслухмянасці. І сясцёр сапраўды сімвалічна можна назваць нявестамі Хрыста, бо яны цалкам прысвячаюць сваё служэнне Богу і Касцёлу. Але гэта не залежыць ад таго, носяць яны пярсцёнак ці не.
9) Манах - самы набліжаны да Бога сярод людзей
 
Адказвае кс. Аляксандр Яшэўскі SDB, Таварыства cв. Францішка Сальскага (салезіяне Дона Боска):
 
— Сказаць адназначна, што манах  самы набліжаны да Бога сярод людзей, нельга. Гэты тэзіс у нейкім сэнсе выключае манаха з працэсу пастаяннага ўзрастання і набліжэння да Бога, да якога кожны з нас пакліканы, а асабліва кансэкраваная асоба. Сфармуляваны тэзіс аўтаматычна ставіць манаха вышэй над іншымі людзьмі: не праз заслугі і духоўныя дасягненні, а праз саму назву...
 
Сутнасць жа манаскага паклікання і яго найважнейшая задача — жыццё з Богам і для Бога. Таму, каб наблізіцца да Бога, манах наследуе Хрыста праз евангельскія парады, жывучы ў паслухмянасці, убостве і чыстасці. Манах не стварае сям'ю, а прысвячае сябе выключна Божым справам: малітве, кантэмпляцыі, духоўнаму росту і служэнню бліжнім. Дзякуючы шляху, абранаму свядома і дабравольна, ён жыве паводле складзеных абяцанняў, маючы магчымасць стаць жывым і сапраўдным прыкладам Хрыста ў свеце.
 10) Пасля складання вечных шлюбаў чалавек застаецца манахам назаўсёды.
 
Адказвае а. Тадэвуш Дабравольскі SDS, Таварыства Боскага Збаўцы (сальватарыяне):
 
— Мне падабаецца выказванне, што першыя шлюбы складаюцца ўжо назаўсёды.
 
Вечныя манаскія шлюбы — гэта заканчэнне працэсу распазнання паклікання. Ад моманту вечных шлюбаў манах становіцца паўнапраўным членам сваёй супольнасці, застаючыся ў ёй звычайна да канца жыцця. Вядома, жыццё прыносіць розныя нечаканыя сітуацыі, у выніку якіх манах перастае быць манахам: яго могуць прызначыць біскупам, ён можа прыняць рашэнне служыць дыяцэзіяльным святаром або ўвогуле — вярнуцца да свецкага жыцця…
r
11) У наш час манаства непапулярнае.
 
Адказвае кс. Вячаслаў Пялінак MIC, Кангрэгацыя айцоў марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі:
 
— Цяжка аспрэчыць гэтую выснову. Калі паглядзець на стан нашага жыцця аб’ектыўна, на наша служэнне, пакліканне, калі не баяцца быць шчырым, я пагаджуся: гэтая форма жыцця ў Касцёле сапраўды перажывае не самы лепшы час.
 
Мне здаецца, што мы, манахі, не хочам жыць у нашым часе, і таму не можам зразумець яго. Робім шмат, мітусімся яшчэ больш, але не думаю, што гэта ёсць адважны адказ на патрэбы менавіта нашага часу і нашага асяроддзя. Нашыя харызмы больш падобныя на дарагія замкнёныя урны з думкамі і лістамі нашых заснавальнікаў, якія мы старанна захоўваем, а не на евангелічную закваску, якая можа даць фермент сённяшняй рэчаіснасці. І таму нават вернасць нашым правілам не дае нам пераканання, што мы сапраўды ўпоўні жывем нашым жыццём. 
 
Тым не менш я перакананы, што для нашага Пана манаскае жыццё ў Ягоным Касцёле застаецца вельмі каштоўным скарбам. Нельга забываць, што менавіта гэтая форма жыцця ў Касцёле неаднойчы давала асновы новых пластоў культуры ў шматлікіх народаў, і неаднойчы ратавала Еўропу ў самыя складаныя часы.
 
Моцна веру, што новае пакаленне, якое ўзрастае сёння ў нашым Касцёле, больш шчырае і адважнае, чым мы; менш заплямленае брудам савецкага часу, менш падатнае на чары ідэалогій, менш прытворнае, і я ўпэўнены, Бог узрасціць на гэтай ніве новых прарокаў, падобных да святых Францішка, Вінцэнта дэ Поля, Яна Боска, Маці Тэрэзы з Калькуты і тысячы іншых.  
 
Рэдакцыя Catholic.by
 
© 2003-2020 Catholic.by