У Мінску прайшло пасяджэнне Рады па справах сям’і пры ККББ | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
26.04.2013 18:54

26 красавіка ў Душпастырскім цэнтры ў Мінску адбылася сустрэча Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Сустрэчу ўзначаліў старшыня рады біскуп Антоні Дзям’янка, у ёй удзельнічалі нацыянальны душпастыр сем’яў, нацыянальны дарадчык па справах сямейнага жыцця, дыяцэзіяльныя душпастыры сем’яў і дыяцэзіяльныя дарадчыкі па справах сямейнага жыцця.

Падчас пасяджэння былі абмеркаваны наступныя пытанні:

1. Абмяркоўвалася ініцыятыва «Духоўнае ўсынаўленне», распачатая на гэты год ва ўсіх касцёлах Беларусі. Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі, што ініцыятыва атрымлівае ўсё большае пашырэнне, а ўрачыстае распачацце малітвы ў святынях у вызначаны дзень мае дадатковае пазітыўнае значэнне для многіх людзей, якія ўдзельнічаюць у малітве. Было вырашана падрыхтаваць на наступны год спецыяльныя фармуляры ўрачыстага распачацця малітвы за ненароджанае дзіця. Таксама была звернута ўвага на той факт, што ўдзел у «Духоўным усынаўленні» можна распачаць у любы зручны час на працягу ўсяго года.

2. Было вырашана, што сёлетняя Нацыянальная пілігрымка сем’яў у санктуарый Маці Божай Будслаўскай адбудзецца 28 верасня і пройдзе пад назвай «Сям’я — школа веры». Быў распрацаваны план, які стане вядомы ў бліжэйшы час.

3. Было прапанавана правесці сустрэчы на сямейную тэматыку, арганізатарам якіх з’яўляецца Бюро Рады па справах сям’і. Прапановы былі наступнымі:

  • 25–26 мая, Гродна – Дзевятоўка: сустрэча дарадчыкаў па справах сямейнага жыцця і навучэнцаў «Школы сямейнага жыцця» ў Гродне і Мінску. Тэмай заняткаў будзе праца ў сямейных кансультацыях. Пачатак — 25 мая ў 9 гадзін. У сустрэчы могуць прымаць удзел усе жадаючыя.
  • 25–31 ліпеня, Баранавічы: курсы-рэкалекцыі для дарадчыкаў па справах сямейнага жыцця, навучэнцаў і паступаючых у «Школу сямейнага жыцця» ў Гродне і Мінску.
  • 5–10 жніўня, Баранавічы: «Школа нараджэння» для сужэнцаў, гінеколагаў і акушэраў.

4. У сувязі з матэрыяламі ў СМІ на тэму ЭКО (штучнага апладнення) было пастаноўлена падрыхтаваць брашуры, дзе будуць прадстаўлены пагрозы, якія нясе гэты метад апладнення.

А. Пётр Фраштэнга,
сакратар Рады па справах сям’і пры ККББ

Фота кс. Юрыя Марціновіча

 
© 2003-2020 Catholic.by