Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зварот ККББ з нагоды перэгрынацыі рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус і Найсвяцейшага Аблічча ў нашай краіне
Канферэнцыя Біскупаў
21.05.2013 13:25
Тэкст звароту на польскай мове >>>


«Маё пакліканне — гэта любоў»

Св. Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса

Да духавенства, кансэкраваных асоб,
вернікаў і ўсіх людзей добрай волі!

У Год веры, які перажываем, узгадваем вялікія і значныя падзеі з жыцця Касцёла. Яны таксама асабліва важныя для Касцёла ў Беларусі. Юбілей 400-годдзя прыбыцця славутага ласкамі абраза Маці Божай у Будслаў, 75-я гадавіна кананізацыі мучаніка палескай зямлі святога Андрэя Баболі з’яўляюцца нагодамі да маніфестацыі нашай веры і ўмацавання сувязі з Хрыстом і Ягоным Касцёлам. Чынім гэта таксама праз удзел у эўхарыстычных працэсіях у нашых гарадах і вёсках, каб такім чынам праславіць Найсвяцейшае Цела і Кроў нашага Збавіцеля.

У гэтыя ўзнёслыя падзеі ўпісваецца таксама перэгрынацыя рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, якая распачнецца ў нашай краіне 1 чэрвеня ў мінскай архікатэдры. Беларусь — 76-я краіна на пілігрымкавым шляху св. Тэрэзы, названай папам Піем Х «найвялікшай святой нашага часу». Рэліквіі наведаюць 115 касцёлаў і капліц, у якіх вернікі будуць выпрошваць «дождж ружаў» Божых ласкаў, абяцаных святой на ложы смерці. Яна хацела, каб яе місія на зямлі не закончылася з момантам смерці, таму сказала: «Адчуваю, што мая місія распачнецца менавіта цяпер, я павінна ўчыніць, каб людзі любілі Бога так, як я Яго люблю. Мая місія — вучыць душы малой дарозе. Калі Бог споўніць гэтыя просьбы, то прабыванне ў небе я правяду на зямлі, ажно да сканчэння свету. Так, маім небам будзе чыніць дабро на зямлі. Пасля смерці буду спасылаць на зямлю дождж ружаў…» Рэліквіярый будзе гасціць падчас урачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, а таксама ў іншых санктуарыях нашай краіны: у Тракелях, Гудагаі, Лагішыне і Браславе. Са св. Тэрэзай сустрэнецца таксама моладзь падчас Міждыяцэзіяльных дзён моладзі ў Івянцы.

Прыгледзімся да постаці гэтай святой.

Святая Тэрэза нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у Аленкон у Францыі дзявятым дзіцём у сям’і Зэліі і Людвіка Мартэн, абвешчаных благаслаўлёнымі ў 2008 годзе. Яе бацька быў майстрам гадзіннікаў, маці займалася швейнай справай. Будучы апошнім дзіцём, Тэрэза была асабліва любімай дачкой у бацькоў. У яе глыбока рэлігійнай сям’і як малітва, так і ўчынкі любові былі фундаментам узаемных адносін. Ужо з дзяцінства ўдзельнічала з бацькамі ў св. Імшы і іншых набажэнствах. Калі ёй было 4 гады, памерла яе маці, што Тэрэза балюча перажыла. Аўдавелы бацька перасяліўся разам з дзецьмі ў Лізье, дзе Тэрэза ва ўзросце 8 гадоў распачала навучанне ў школе сясцёр бэнэдыктынак. У гэты час яе старэйшая сястра Паўліна паступіла ў Кармэль, г.зн. у кляўзуровы кляштар сясцёр кармэлітак босых. Тады Тэрэза пазнала жыццё сясцёр кармэлітак і пачала разумець, што быццё законніцай азначае жыццё з Езусам і для Езуса. Маючы ледзьве 9 гадоў, упершыню дэкларуе ўступленне ў Кармэль і ўжо тады выбірае сабе манаскае імя: Тэрэза ад Дзіцятка Езус. Маючы 11 гадоў, прыступае да Першай святой Камуніі, і, як сама падкрэсліла, гэта была для яе найвялікшая падзея ў жыцці. Тады яе другая сястра Марыя таксама ідзе ў Кармэль.

Пасля пэўнага часу Тэрэза выказвае сваё прагненне паступлення ў кляштар кармэлітак босых, аднак сустракае цяжкасці. Хаця яе бацька, які як малодшую дачку называў яе «малой каралевай», лічыў гонарам, што Бог патрабуе аддаць дачок у кляштар, аднак па прычыне маладога ўзросту Тэрэза не магла быць прынята да Кармэлю. Поўная рашучасці, Тэрэза, нягледзячы ні на што, упэўнена імкнецца да мэты, вырушае нават у пілігрымку ў Рым, дзе асабіста просіць Папу аб дазволе на паступленне ў кляштар ва ўзросце 15 гадоў. Святы Айцец сказаў: «Што ж, маё дзіця, рабі тое, што скажуць настаяцелі». У 1888 г. атрымала згоду біскупа і распачала манаскае жыццё кармэліткі босай.  

У Кармэлі Тэрэза зразумела, што любоў з’яўляецца сэрцам усяго і толькі любоў вядзе да з’яднання з Богам. Адкрыла таксама, што Касцёл мае сэрца, і ў гэтым сэрцы кожны можа знайсці месца для сябе. Тэрэза пазнала Бога як «Міласэрную Любоў». Гэта было наватарствам у тагачасным разуменні Бога ў кантэксце справядлівасці. Паводле св. Тэрэзы, кожны пакліканы да святасці і да неба, якое можа асягнуць дзякуючы абдымкам Езуса, а іх яна параўнала са свайго роду ліфтам.  Гэта так званая «малая дарога», якую адкрывае святая Тэрэза. Чым з’яўляецца гэтая дарога? Яна падобная да паставы малога дзіцяці, якое цалкам давярае Богу Айцу.

Пад канец 1894 г. настаяцельніца кляштара маці Агнешка папрасіла Тэрэзу напісаць успаміны з дзяцінства. У духу паслухмянасці Тэрэза пакідае для наступных пакаленняў аўтабіяграфію, свайго роду сведчанне свайго жыцця і прапанову духоўнай дарогі. У 1896 г. Тэрэза захварэла на туберкулёз. Пражыўшы ў Кармэлі 9 гадоў, памерла 30 верасня 1897 г., цалкам аддаючыся міласэрнаму Езусу. У 1923 г. была абвешчана благаслаўлёнай, у 1925 г. святой, а ў 1927 г. апякункай каталіцкіх місій. У 1997 г., у сотую гадавіну смерці Тэрэзы, благаслаўлёны папа Ян Павел ІІ абвясціў яе Доктарам Касцёла.

«Маё пакліканне — гэта любоў», — гэтыя словы, сказаныя св. Тэрэзай ад Дзіцятка Езус, з’яўляюцца дэвізам яе пілігрымкі ў Беларусь, якая набліжаецца вялікімі крокамі. Спачатку св. Тэрэза адчула гэтую любоў у сямейным доме, потым у Кармэлі. Дзякуючы гэтай чалавечай любові яна лёгка зразумела, што Бог любіць кожнага чалавека. Яна штодня адчувала сябе любімай і прагнула любіць, аддаючы Богу ўсё. Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус памерла ў вельмі маладым узросце, маючы ўсяго толькі 24 гады, але, нягледзячы на кароткае жыццё, была верным Божым дзіцём і давярала Пану з дзіцячай адданасцю. Гэта была яе вялікая мудрасць, якую пакінула мільёнам людзей, захопленых яе духоўнай спадчынай. Як сказаў пра яе папа Пій ХІ, яна была свайго роду жывым Божым словам. Святая Тэрэза кажа нам, што мае сапраўдную і вялікую каштоўнасць у Божых вачах: «Не знешняя веліч і цуды гэтага свету, не скарбы гэтай зямлі, ніякія часовыя даброты, якія, здавалася б, нас задавальняць. Праўдзівы скарб знаходзіцца ў нас — Бог шукае яго ў нашым сэрцы» (Пій ХІ, Прамова 30 красавіка 1923 г.).

Святую Тэрэзу ад Дзіцятка Езус называем найвялікшай святой нашага часу. Чаму? Таму што яна, будучы малой і незаўважальнай, многіх навучыла простай і лёгкай дарозе да Езуса. Яе дарога, называная «малой дарогай», стала шляхам да навяртання і набліжэння да Хрыста для незлічонай лічбы вернікаў. Але яна памятала таксама пра тых, хто праз свае ўчынкі пакінуў запаведзь любові да Бога і бліжняга. Маючы ўсяго 14 гадоў, яна пачула пра чалавека, асуджанага на смяротнае пакаранне за ўчыненыя злачынствы. Ад таго часу яна шукала кожную магчымасць, каб маліцца і выпрошваць для яго і для іншых злачынцаў ласку навяртання. Якой жа вялікай была радасць Тэрэзы, калі прачытала, што той злачынец незадоўга перад смерцю пацалаваў крыж Збавіцеля. Яна не патрабавала іншых знакаў, якія б сведчылі, што той чалавек навярнуўся і папрасіў Хрыста аб прабачэнні за сваю віну.

Надыходзячая перэгрынацыя рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус з’яўляецца добрай нагодай для нас, каб пазнаць яе жыццё і духоўную спадчыну. Але не толькі. Перэгрынацыя з’яўляецца нагодай для нас, каб нанова адкрыць, што ўсе мы дзеці аднаго Бога, які з’яўляецца перадусім любячым Айцом. Вучыць нас, што адкрыццё на Божую любоў — гэта адзіная дарога да таго, каб мець магчымасць адорваць іншых хрысціянскай любоўю. Сучасны свет прапануе іншы шлях. Падказвае нам, што ўлічваецца толькі поспех, які здабываецца любымі, нават нягоднымі сродкамі. Яна прапануе нам нешта іншае. Сваёй «малой дарогай» указвае, што любоў даецца дарма і шчодра, што любоў патрабуе ўзаемнасці. Гэта пакліканне не толькі святых, але кожнага чалавека, кожнага хрысціяніна. Таму можам з упэўненасцю паўтарыць за св. Тэрэзай: «Маё пакліканне — гэта любоў».

Няхай жа нашая сустрэча са св. Тэрэзай на беларускай зямлі, у святынях і ва ўсіх месцах, дзе будуць яе рэліквіі, дапаможа нам адкрыцца на Бога і бліжняга. Яе прагненне — «спасылаць дождж ружаў», якімі з’яўляюцца Божыя ласкі. Няхай словы благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ стануць таксама і нашым пасланнем да ўсіх вас: «Жадаем вам гэтага духа дзіцячага маленства, які так патрэбны сучаснаму чалавеку, заблытанаму і ўцягнутаму ў розныя фальшывыя велічы».

На час сустрэчы з рэліквіямі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус ад сэрца ўсім вам благаслаўляем.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Пінск, 15 мая 2013 года,
53-е Пленарнае Пасяджэнне
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

N.B.: Гэты зварот трэба прачытаць ва ўсіх касцёлах нашай краіны 26 мая 2013 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Канферэнцыя Біскупаў

18.03 07:00Пастырскае пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана 2017
16.03 12:49Пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на дзень «Карытас»
02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
29.12 11:25Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на свята Святой Сям'і
07.12 16:33Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
20.10 10:23Біскуп Яшэўскі прымае ўдзел у кангрэсе ў Рыме
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
29.07 03:22Заклік Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды распачацця Сусветных дзён моладзі ў Кракаве
25.07 14:25Зварот Старшыні ККББ з нагоды правядзення Агульнабеларускай навэнны да Найсвяцейшай Панны Марыі ў межах падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
13.07 11:17Паведамленне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пра свята св. Марыі Магдалены