У Мінску заснавана тэалагічная акадэмія імя святога Яна Паўла ІІ | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
26.09.2014 14:23

26 верасня на пазачарговым пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі быў разгледжаны і прыняты тэкст статута Вышэйшай духоўнай навуковай установы «Тэалагічная акадэмія імя святога Яна Паўла ІІ» Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь.

Новая навучальная ўстанова будзе размяшчацца ў Мінску.

Узгаданая Акадэмія заснавана Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Асноўнай мэтай Акадэміі з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй розных ступеняў і навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, у тым ліку святароў, для рэлігійнай дзейнасці Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусі.

Асноўнай задачай Акадэміі з’яўляецца навучанне студэнтаў у галіне тэалогіі, а таксама біблістыкі, кананічнага права, гісторыі, літургікі, катэхізацыі, філасофіі, этыкі, рэлігіязнаўства, сродкаў масавай камунікацыі, сацыяльнага вучэння і служэння, сям’і, замежных моваў і іншых дысцыплін згодна з нормамі і навучаннем Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Прынята рашэнне звярнуцца да адпаведных дзяржаўных органаў з мэтай ажыццяўлення дзяржаўнай рэгістрацыі новай Вышэйшай духоўнай навучальнай установы.

Паводле паведамлення Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

 
© 2003-2024 Catholic.by