Біскупы Беларусі павіншавалі з 25-годдзем Супольнасць дапамогі Касцёлу на Усходзе | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
05.12.2014 11:46

Біскупы Беларусі павіншавалі Супольнасць дапамогі Касцёлу на Усходзе пры сакратарыяце Канферэнцыі епіскапату Польшчы з 25-годдзем. У лісце на імя дырэктара супольнасці кс. Лешэка Крыжа TChr беларускія іерархі падзякавалі за духоўную і матэрыяльную дапамогу Касцёлу ў Беларусі.

У лісце адзначаецца, што гэты юбілей — «добрая нагода, каб выказаць удзячнасць Пану Богу і людзям, якія дапамагаюць малітоўна і матэрыяльна Касцёлу за ўсходняй мяжой, які адраджаецца».

«Ад імя ўсіх вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі прагнем выказаць удзячнасць за кожную духоўную і матэрыяльную дапамогу нашаму Касцёлу, — дадаецца ў лісце. — Дзякуючы падтрымцы, якую атрымліваем ад Канферэнцыі епіскапату Польшчы, у нашай краіне ўзносяцца святыні, аднаўляюцца занядбаныя сакральныя будынкі і рэалізуюцца разнастайныя душпастырскія праекты».

«Дзякуем усім ахвярадаўцам, якія дасканала разумеюць біблійнае “Давайце, і будзе дадзена вам” (Лк 6, 38), дапамагаючы касцёльным супольнасцям, якія знаходзяцца ў розных патрэбах, — пішуць біскупы Беларусі. — У духу ўдзячнасці молімся аб вечным жыцці для спачылага кардынала Юзафа Глемпа, прымаса Польшчы, які ў 1989 г. паклікаў да існавання Супольнасць дапамогі Касцёлу на Усходзе».

У лісце нагадваецца, што ў ІІ Нядзелю Адвэнту ў Беларусі адзначаецца Дзень малітваў у інтэнцыі тых, хто матэрыяльна падтрымлівае Касцёл на Усходзе. Біскупы дадаюць, што ахопліваюць сваімі малітвамі і ўдзячнасцю ўсіх, «хто жадае і здольны дзяліцца з іншымі», і запэўніваюць у малітоўнай памяці.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by