Зварот Старшыні ККББ у сувязі з прызначэннем у Беларусь Апостальскага Нунцыя | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
13.05.2016 13:06

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

У фацімскі дзень 13 мая 2016 г. Святы Айцец Францішак прызначыў новага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі — мансеньёра Габара Пінтэра, які да гэтага быў дарадцам Апостальскай Нунцыятуры ў Вене (Аўстрыя).

Апостальскі Нунцый з’яўляецца сталым прадстаўніком Святога Айца ў партыкулярным Касцёле і дзяржаве, да якой ён пасланы. Галоўным яго заданнем з’яўляецца ўмацаванне сувязяў паміж Апостальскім Пасадам і мясцовым Касцёлам, а таксама дзяржавай, пры якой ён акрэдытаваны, з мэтай ажыццяўлення касцёльнай палітыкі ў ёй, падтрымкі радай і прыкладам біскупаў, дапамогі ў вырашэнні бягучых спраў Касцёла, спрыяння евангелізацыі, абароне інтарэсаў Касцёла і да т.п.

У сваім служэнні Апостальскі Нунцый выкарыстоўвае найперш маральныя сродкі. Клапоцячыся аб развіцці рэлігійных і чалавечых каштоўнасцяў, ён служыць усім жыхарам краіны.

Дзякуючы Папу Францішку за прызначэнне новага Апостальскага Нунцыя, жадаем яму Божага благаслаўлення, апекі Божай Маці Будслаўскай — апякункі Беларусі — і нябеснага заступніка нашай краіны св. Міхала Арханёла.

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі заклікаю ўсіх вас маліцца аб поспеху місіі новага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі, на карысць Касцёла і нашага народа.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 13 мая 2016 г.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэты зварот вернікам 15 мая 2016 г.


 
© 2003-2024 Catholic.by