Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малітва да Анёла Ахоўніка — гэта не магічная формула
Каляндар
02.10.2009 17:57

2 кастрычніка 2009 г. Каталіцкі Касцёл успамінае Анёлаў Ахоўнікаў. Аб іх ролі ў нашым жыцці гаворыцца таксама ў малітве «Анёле Божы, дружа мой», з якой мы даведваемся аб мэце, да якой нас вядзе Анёл Ахоўнік, г. зн. аб жыцці вечным. Але як можа на нас уплываць наш ахоўнік? Суфраган Чэнстахоўскі біскуп Антоні Длугаш разважаў на гэтую тэму ў сваім інтэрв’ю сайту «Konferencja Episkopatu Polski».

Місію Анёлаў Ахоўнікаў належыць разглядаць у кантэксце заданняў, выконваць якія даручае ім Пан Бог. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што існаванне анёлаў як духоўных, безцялесных істотаў — адна з праўдаў веры. Анёлы валодаюць розумам і свабоднай воляй, з’яўляюцца істотамі асабовымі і несмяротнымі, а таксама больш дасканалымі, чым усе бачныя стварэнні. Анёлы — гэта пасрэднікі паміж Богам і чалавекам, заступнікі перад Богам за людзей, а таксама слугі Бога сярод людзей. Анёлы выконваюць даручэнні Бога і садзейнічаюць гэтым самым збаўленню чалавека, неадступна знаходзячыся побач з ім. У Катэхізісе адзначаецца, што Хрыстус стаў цэнтрам свету анёлаў. Анёлы — духі, якія служылі Хрысту і яго вучням. Апошнім яны часта пасылаліся на дапамогу.

Паняцце «анёл» паходзіць ад лацінскага слова angelus, габрэйскага mal’ak і грэчаскага angelos і абазначае пасланца, у прыватнасці, Божага пасланца. Аднак гэтае паняцце не акрэслівае анёльскай натуры, а толькі ўказвае на іх заданне, якое яны выконваюць сярод людзей. Часам у Святым Пісанні пад тэрмінам «анёл» разумеюцца чалавечыя пасланцы або таксама святары.

Пра Анёлаў Ахоўнікаў пісалі і айцы Касцёла: св. Кіпрыян называў іх прыяцелямі людзей, св. Базыль — настаўнікамі, св. Амброзій — памочнікамі. Кожны чалавек, паводле святога Гераніма, мае свайго Анёла Ахоўніка. Святы Аўгустын падкрэсліваў, што адной з праяваў Божай любові да людзей з’яўляецца прызначэнне ім на дапамогу анёлаў, каб тыя аберагалі людзей ад зла.

Малітву да Анёла Ахоўніка нельга трактаваць як магічную формулу, якая павінна ратаваць ад усіх складанасцяў жыцця. Бацькі і дзяды часта вешаюць над ложкамі дзяцей абразікі Анёла Ахоўніка. Ва ўяўленні некаторых людзей такі абразік з’яўляецца своеасаблівым талісманам, які абараняе ад небяспекі. Безумоўна, прысутнасць абразіка сведчыць аб веры родных дзіцяці, іх клопаце аб ім. Важна, каб разам з гэтым знакам людзі стваралі дзіцяці ўмовы для ўсебаковага развіцця, а перш за ўсё для яго рэлігійнага выхавання. Родныя дзіцяці павінны ўдзельнічаць у здзяйсненні заданняў, якія прыпісваюцца анёлам, таму што ў многіх выпадках Божыя справы здзяйсняюцца праз людзей.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.