2 лістапада — успамін усіх памерлых вернікаў | Друк |
Каляндар
31.10.2009 18:11

2 лістапада — дзень, прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, на працягу актавы ўспаміну ўсіх памерлых, якая працягваецца з 1 па 8 лістапада, вернікі наведваюць могілкі і моляцца за памерлых.

У гэты час ёсць магчымасць атрымаць адпуст — поўнае адпушчэнне кары за грахі. Для атрымання адпусту неабходна быць у стане асвячальнай ласкі (г. зн. прыступіць да сакрамэнту споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца і наведаць могілкі. Таксама вернікі падаюць спісы з прозвішчамі і імёнамі памерлых блізкіх і сяброў, якія зачытваюцца перад набажэнствамі ў кожнай парафіі.

Падчас набажэнстваў на могілках, якія ўзначальвае святар, традыцыйна адбываецца працэсія, што складаецца з пяці стацый. На кожнай з іх чытаецца малітва за памерлых: І стацыя — за духавенства, ІІ стацыя — за бацькоў і продкаў, ІІІ стацыя — за сваякоў і дабрадзеяў, IV стацыя — за ахвяраў войнаў і загінуўшых у катастрофах, V стацыя — за ўсіх памерлых і за душы, якія церпяць у чыстцы. На заканчэнне святар асвячае могілкі і новыя помнікі. Вернікі запальваюць на магілах свечкі — сімвал Уваскрослага Хрыста, малітвы і любові.

«Пра неабходнасць маліцца за памерлых гаворыцца ў Святым Пісанні, да гэтага заклікае Езус Хрыстус, — нагадаў а. Сяргей Трысцень OCD, пробашч мінскай парафіі Божага Цела і Маці Божай Шкаплернай. — Тое, што мы можам даць памерлым, — гэта наша малітва, якая з’яўляецца ўдзячнасцю за любоў нашых блізкіх і за ўсё добрае, што яны ўчынілі тут, на зямлі. Актава ўспаміну ўсіх памерлых — асаблівы час для кожнага хрысціяніна. У гэтыя дні ўвесь Касцёл у адзін голас моліцца за памерлых, заклікаючы да Божай міласэрнасці».

Успамін усіх памерлых вернікаў быў уведзены св. Адылонам, абатам бэнэдыктынаў, у 998 г. Праз некаторы час гэты звычай быў прыняты ва ўсім Касцёле.

 
© 2003-2024 Catholic.by