8 снежня — урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі | | Друк | |
Каляндар |
08.12.2016 09:05 |
8 снежня Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты дзень, калі праслаўляем таямніцу Беззаганнага Зачацця Багародзіцы, якая Божаю ласкаю была захавана ад першароднага граху, кожны католік мае абавязак прыняць удзел у святой Імшы. «Каталіцкі Касцёл (...) рознымі спосабамі і красамоўнымі дзеяннямі з дня на дзень ніколі не пераставаў тлумачыць, навучаць і абгрунтоўваць вучэнне аб першапачатковай цнатлівасці гэтай велічнай Дзевы, якая з’яўляецца неад’емнаю ад Яе дзівоснай святасці і ўзнёслай годнасці Багародзіцы. Касцёл лічыў гэтую навуку атрыманай ім ад Бога і заключанай у дэпазіце нябеснага Аб’яўлення. Гэтае вучэнне прызнавалася з найстаражытнейшых часоў і глыбока ўкаранілася ў розумах вернікаў, а намаганнямі біскупаў Касцёла распаўсюдзілася ва ўсім каталіцкім свеце, паколькі сам святы Касцёл найвыразней аб ім сведчыў, без ваганняў прапануючы вернікам публічна ўшаноўваць і праслаўляць Зачацце гэтай жа Дзевы. Такая красамоўная практыка прадстаўляла Зачацце гэтай Дзевы як штосьці надзвычайнае, цудоўнае, што цалкам адрозніваецца ад зачацця ўсіх іншых людзей. Гэтае Зачацце лічылася святым, бо Касцёл адзначае толькі ўрачыстасці святых. (...) Рымскі Касцёл імкнуўся толькі да таго, каб найбольш яскрава само Беззаганнае Зачацце як культ і вучэнне абвяшчаць, захоўваць, распаўсюджваць і абараняць», — чытаем у дакуменце.
|