Пра што не забыць, каб радасна сустрэць Божае Нараджэнне? | Друк |
Каляндар
23.12.2013 17:39
У хуткім часе будзем святкаваць Божае Нараджэнне — адно з найбольш цудоўных святаў хрысціянства. Яно, як і многія, мае сваю адметную і цікавую сімволіку ў святкаванні. Пра некаторыя сімвалы вігілійнага вечара хочам нагадаць вам, дарагія наведвальнікі, а таксама падказаць, пра што неабходна памятаць, каб належна прыняць у свае сэрцы, дамы і сем’і нованароджанага Хрыста.

1. Памятаць пра сутнасць свята, духоўную падрыхтоўку да яго і традыцыі


Само слова «вігілія» паходзіць з лацінскага «vigiliare» і азначае «начное чуванне». У Каталіцкім Касцёле так называюць дні, якія папярэднічаюць найважнейшым святам. Але найчасцей гэтае слова мы звязваем з днём перад святам Нараджэння Пана. У Беларусь звычай вігілійнай вячэры прыйшоў у ХVІІІ ст.

Згодна з традыцыяй, вячэра распачынаецца пасля таго, як на небе загарыцца першая вечаровая зорка. Памаліўшыся і зачытаўшы адпаведны ўрывак з Евангелля (можна Лк 2, 1–20), усе дзеляцца аплаткай і складаюць адно аднаму калядныя віншаванні і пажаданні.

Вігілійную вячэру, якая распачынаецца пасля дзялення аплаткай, называюць куццёю (ад назвы крупяной кашы — куцці, якая абавязкова павінна быць у гэты вечар на стале). На стол ставяць толькі посныя стравы. У гэты дзень з радасцю прымаюцца і нечаканыя госці.

Асаблівую атмасферу гэтага вечара ствараюць і калядкі (песні на Божае Нараджэнне), якія можна таксама спяваць усёй сям’ёй.

Кульмінацыяй вечара становіцца святая Імша ў вігілію Божага Нараджэння.

У само свята, 25 снежня, уся сям’я, родныя і блізкія таксама збіраюцца за супольным сталом.

Але ж галоўнае — загадзя паклапаціцца пра стан сваёй душы і быць духоўна падрыхтаваным да святаў. З гэтай мэтай у перыяд Адвэнту Касцёл зааахвочвае браць пастановы, у парафіях таксама адбываюцца адвэнтовыя рэкалекцыі з магчымасцю прыступіць да сакрамэнту споведзі.

2. Набыць неабходныя рэчы і памятаць пра іх сімволіку

Аплаткі

Па-лацінску «oblatum» — ахвярны дар. Дзелячыся аплаткай, мы ахвяруем іншаму чалавеку нашу ўдзячнасць, прабачэнне, мы дзелімся з ім сваёй дабрынёй. Дзяленне аплаткай пасля прачытанага ўрыўку з Евангелля і малітвы з’яўляецца найважнейшым момантам вігілійнай вячэры.

Белы абрус

Бель вігілійнага абруса нагадвае нам пра бездакорную чысціню алтара, а таксама чысціню нашых сэрцаў, думак і памкненняў у гэты цудоўны вечар.

Сена

Жменя сена пад белым абрусам на стале сімвалізуе яслі, у якіх спаў маленькі Езус у Бэтлееме.

Святочная ёлка

Звычай упрыгожваць цацкамі ёлку на свята Божага Нараджэння нарадзіўся ў Германіі, але яго так палюбілі дзеці і дарослыя, што ён вельмі хутка распаўсюдзіўся па ўсім свеце. У Беларусі ёлкі пачалі ўпрыгожваць у ХVІІІ ст.

Падарункі

Езус, які нарадзіўся ў Бэтлееме больш за 2000 гадоў таму, — гэта вялікі дар людзям ад Бога Айца, які так палюбіў свет, што спаслаў у яго свайго адзінароднага Сына. Але ж Дзіцятка Езус таксама атрымаў у Бэтлееме падарункі ад пастушкоў і мудрацоў. Таму і мы складаем падарункі сваім блізкім, дзелячыся праз гэта радасцю свята Божага Нараджэння.

Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы часопіса «Ave Maria».

 
© 2003-2024 Catholic.by