22 чэрвеня — успамін св. Томаса Мора, апекуна дзяржаўных дзеячаў і палітыкаў | Друк |
Каляндар
22.06.2011 13:35

22 чэрвеня Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін святога мучаніка Томаса Мора, славутага гуманіста і апекуна дзяржаўных дзеячаў і палітыкаў. За непадданасць каралю Генрыху VIII і адмаўленне ў падпісанні акту, паводле якого кароль быў бы прызнаны главой Каталіцкага Касцёла ў Англіі, быў асуджаны на смяротнае пакаранне.

Томас Мор нарадзіўся ў Лондане 7 лютага 1478 г. у заможнай мяшчанскай сям’і. Цікавіўся гуманітарнымі навукамі, якія вывучаў у Оксфардзе, аднак бацька схіліў яго да юрыдычных навук, што адкрыла яму шлях да дзяржаўных ведамстваў. Спачатку ён быў адвакатам, а потым паслом
парламенту.

Пабываўшы ў Францыі, Томас перарваў сваю кар’еру і на чатыры гады ўступіў у ордэн картузаў. Аднак, зразумеўшы, што гэта не яго шлях, пакінуў ордэн і ў хуткім часе заснаваў сям’ю. Ажаніўся з Джэйн Кольт. У іх нарадзілася чатыры дзіцяці. Жонка памерла рана. Другою жонкаю стала Эліс Мідлтан.

У 1521 г. кароль узнагародзіў Томаса Мора шляхецкай годнасцю, прызначыўшы яго на шэраг важных пасадаў, найвышэйшая з якіх — канцлер. Аднак, калі кароль Генрых VIII узяў за жонку сваю каханку Анну Балейн, Томас адмовіўся ад гэтай пасады. Нягледзячы на пагрозы караля, Томас не згадзіўся на падпісанне так званага акту вяршэнства, што прыраўноўвалася з прызнаннем караля главой Каталіцкага Касцёла ў Англіі. Абвінавачаны ў здрадзе дзяржаве, быў асуджаны на смерць праз адсячэнне галавы.

Томас Мор быў глыбока рэлігійным чалавекам і таму не мог ісці насуперак голасу свайго сумлення. Ён прагнуў да канца, нягледзячы на ўгаворы і пагрозы, застацца верным Папу, наступніку св. Пятра, захоўваючы такім чынам адзінства каталіцкай веры. Прызнаў, што пайшоў бы супраць Бога, калі б згадзіўся, як гэта зрабілі многія падданыя суровага манарха, спалохаўшыся за сваю галаву.

Пасля арышту 1 ліпеня 1535 г. быў асуджаны. З турмы пісаў лісты сваім родным, найчасцей дачцэ Маргарыце. Гэтая карэспандэнцыя стала сведчаннем вялікага супакою яго сэрца і надзвычайнай мужнасці. 6 ліпеня 1535 г. перад эшафотам Томас Мор сказаў: «Калі я займаў пасаду канцлера, вы, кароль, прасілі мяне найперш слухаць Бога, а потым — вас. А сёння я гіну за тое, што найперш слухаў Бога, а потым вас…»

Томас Мор быў кананізаваны папам Піем ХІ у 1935 г., незадоўга да распачацця Другой сусветнай вайны, якая стала вялікім выпрабаваннем для людскіх сумленняў.

У кастрычніку 2000 г. папа Ян Павел ІІ напісаў апостальскае пасланне, у якім абвясціў Томаса Мора «апекуном дзяржаўных дзеячаў і палітыкаў».

Сёння высакароднасць святога жыцця і вернасць уласнаму сумленню, пабудаванаму паводле Божага Закону, можа быць натхненнем для сучасных палітыкаў і дзяржаўных дзеячаў, для якіх такой спакуслівай з’яўляецца пастава «палітычнай карэктнасці», што не лічыцца з голасам Бога, які прамаўляе ў сэрцы кожнага чалавека, і палітыка таксама.

Фрагмент малітвы, напісанай Томасам Морам пасля абвяшчэння смяротнага прысуду

Усемагутны Божа, забяры ад мяне ўсе пыхлівыя думкі, усе прагненні маёй уласнай хвалы, усялякую зайздрасць, усялякую хцівасць, абжорства, ляноту і юрлівасць, усялякае пачуццё гневу, усялякае прагненне помсты, усялякае жаданне або радасць з прычыны няшчасця іншых, усялякае задавальненне ад папракання ці зневажання каго-небудзь, хто перажывае няшчасце ці нядолю.

А ва ўсіх маіх чынах і ва ўсіх маіх словах, і ва ўсіх маіх думках адары мяне, добры Божа, сэрцам пакорным, сціплым, ціхім, згодным, цярплівым, міласэрным, ласкавым, чулым і літасцівым, такім, каб мог пакаштаваць Духа Святога.

Дай мне, добры Божа, сапраўдную веру, моцную надзею і гарачую любоў; такую любоў да Цябе, добры Божа, якая б непараўнальна перавышала любоў да сябе, каб не любіў нічога, што магло б Табе не падабацца; каб усё, што люблю, любіў у Табе.

 
© 2003-2024 Catholic.by