Успамін мучаніцтва св. Яна Хрысціцеля | Друк |
Каляндар
29.08.2011 09:37

29 жніўня Касцёл узгадвае мучаніцтва св. Яна Хрысціцеля. Аб ахвяры і смерці апошняга прарока Старога Запавету і першага прарока Новага Запавету распавядае ўрывак з Евангелля паводле Марка, прызначаны на гэты дзень.

Ірад Антып зняволіў Яна Хрысціцеля за тое, што публічна крытыкаваў недазволенае сужыццё гэтага цара з Ірадыядай, жонкай роднага брата Ірада. Аднак зняволенне не задаволіла Ірадыяду: «А Ірадыяда злавалася на яго і хацела забіць, але не магла, таму што Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і аберагаў яго».

Падчас урачыстага банкету цару вельмі спадабаўся танец дачкі Ірадыяды Саламеі, і ён паабяцаў даць ёй за гэта любую ўзнагароду. Помслівая жанчына скарысталася неасцярожнасцю цара і падбухторыла дачку прасіць у яго галаву Яна Хрысціцеля.

Ірад выканаў абяцанне, і святы быў забіты. Гэта адбылося каля 30 года.

Ян Хрысціцель — апошні прарок Старога Запавету і першы прарок Новага Запавету — першы святы, якога пачалі ўшаноўваць у гісторыі Касцёла. Святы Ян Хрысціцель з’яўляецца апекуном многіх гарадоў і краінаў. Успамін святога адзначаецца 24 чэрвеня.

 
© 2003-2024 Catholic.by