Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
29 верасня — свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала
Каляндар
29.09.2011 05:45

Міласэрны Бог клапоціцца пра чалавека і таму дае анёлаў, якія заўсёды прысутнічаюць побач з чалавекам, ахоўваюць яго і дапамагаюць. Анёлы з’яўляюцца «спосабам» прысутнасці Бога ў свеце, Яго маніфестацыяй і Яго голасам. Анёлы яднаюць нябёсы з зямлёю.

Паўсюль, дзе мы сустракаемся з дабрынёю, любоўю, адзінствам, таксама прысутны анёл. Нярэдка ў адказ на чыюсьці зычлівасць мы кажам: ты мой анёл. І правільна кажам, бо ў асобе, якая нам дапамагае, аб’яўляецца дабрыня і міласэрнасць Божая. «Мець анёла» азначае прымаць удзел у дабрыні Божай, у Яго ласцы, праяўленай у адносінах да нас.

Мастакі прадстаўлялі анёлаў у чалавечай постаці з крыламі, з тварамі немаўлят ці дзяцей, убранымі ў прыгожыя адзенні ці неапранутымі і босымі (як сімвал нявіннасці і адарванасці ад зямных спраў). Апранутыя ў белыя шаты і падпяразаныя на знак гатоўнасці спаўняць Божыя абяцанні, яны трымаюць у руках кадзіла, што сімвалізуе малітвы да Бога. Прадстаўляюцца анёлы і з мячом (сімвал Божага гневу), з прыладамі катавання і мукі (сімвал Божай Міласэрнасці), з шалямі (сімвал справядлівасці).

У сакральным мастацтве таксама сустракаюцца выявы галоваў анёлаў сярод хмараў. Мастакі часта малявалі анёлаў спяваючымі і граючымі на розных музычных інструментах, бо яны сярод людзей — вестуны радасці і спевакі Бога. Анёльскія хоры прадстаўляюцца ў незвычайнай атмасферы, якая пануе ў небе. А пра кагосьці, хто добра спявае, мы кажам: спявае, як анёл, або: мае анельскі голас. Таксама і мы праслаўляем Бога нашым жыццём, малітвай і спевам, хаця б тым, які спяваем у святой літургіі Касцёла: «Хвала на вышынях Богу» або «Святы, Святы, Святы…» Велічнае прадстаўленне постаці анёлаў выражае прыгажосць самога Бога, якую прадчувае чалавечае сэрца.


Пераможца ўзбунтаваных анёлаў

Міхал на стараяўрэйскай мове азначае «хто ж як Бог». Гэта арханёл Божай справядлівасці, суду, ласкі і літасці, адзін з наймагутнейшых нябесных духаў. Яго імя ўказвае на тое, што ніхто і нішто не можа быць вышэй за Бога. Імя Міхал выражае таксама ўдзячнасць і радасць за дар існавання, за тое, што стварэнне можа захапляцца Богам і праслаўляць Яго. У гэтым імені заключана сіла, якая перамагае зло. Арханёл Міхал і яго анёлы, распаленыя Божай любоўю, адважна змагаюцца з узбунтаванымі супраць Бога анёламі сатаны.

Арханёл Міхал з’яўляецца апекуном Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла ў Беларусі і шырока прадстаўлены ў беларускім мастацтве (гл. артыкул часопіса «Наша вера»).

У мастацтве арханёл Міхал паказваецца ўбраным у даспехі, з мячом у руках, якім забівае цмока. Альбо з шалямі, на якіх важыць добрыя і дрэнныя ўчынкі памерлага.

Арханёл Міхал суправаджае паміраючых у адыходзе іх душ да неба. Беручы з яго прыклад, таксама і мы павінны выступаць супраць фальшывых багоў, супраць зла, несправядлівасці і ўсялякага прымусу. Касцёл кліча арханёла Міхала ў абарону ад подступаў сатаны — ворага Бога і людзей.

Арханёл Міхал з’яўляецца заступнікам паміраючых, фехтавальшчыкаў, каморнікаў, рэнтгенолагаў, гравёраў, шліфавальшчыкаў, вайскоўцаў.


Вястун таямніцаў Бога

Габрыэль са стараяўрэйскай мовы азначае «Муж Божы» або «Бог — мая моц». У мастацтве найчасцей прадстаўляецца з павязкай на ілбе, з жазлом у руцэ, а часам — з зямным шарам.

У сваёй місіі спаўняе ролю пасланніка, які перадае людзям вестку ад Бога. У Кнізе прарока Даніэля арханёл Габрыэль з’яўляецца як нябесная істота ў выглядзе мужчыны (Дан 8, 15). Ён вястун магутнай, моцнай дзейнасці Бога ў сітуацыях, якія для чалавека з’яўляюцца немагчымымі. Моц Божая жадала, каб у сталым веку і няплодныя Альжбета і Захарый маглі даць свету Яна Хрысціцеля. Моцы Божай трэба было, каб споўнілася ўцелаўленне Божага Сына ў лоне беззаганнай Маці. Арханёл Габрыэль адыграў вялікую ролю ў перадаванні Божай таямніцы ў падзеях, звязаных з гісторыяй збаўлення.

У нас падабенства да Габрыэля найбольш праяўляецца, калі мы ўсёй сваёю сутнасцю ўсклікаем: Божа, Ты — мая моц; калі давяраем Богу сябе і іншых. Будзем абапірацца на Бога. У гэтым імені заключана надзея і пачуццё бяспекі: я не адзін! Моц Божая са мною! Падабенства да арханёла праяўляецца і тады, калі тлумачым іншым, што Пан з імі, з намі, са мною, і што не трэба Яго баяцца. Так калісьці арханёл Габрыэль сказаў Марыі: Пан з табою, не бойся.

Арханёл Габрыэль — апякун працаўнікоў пошты, радыё і тэлебачання.


Анёл, гатовы да дзейнасці

Рафал са стараяўрэйскай мовы азначае «Бог аздараўляе», «Бог ацаляе», «аздараўленне Божае», «лякарства Божае». Рафал — адзін з сямі арханёлаў, якія прабываюць у гатоўнасці перад веліччу Пана (пар. Тоб 12, 15). У мастацтве прадстаўлены як пілігрым.

Арханёл Рафал згадваецца ў старазапаветнай кнізе Тобія. Ён быў сябрам маладога Тобія. Аздаравіў ад слепаты яго старога бацьку, вызваліў ад злога духа Сару і парадзіў маладому Тобію ажаніцца з ёю. Аздараўленне ад зла фізічнага і духоўнага кажа нам пра Бога, які аздараўляе.

Ёсць шмат людзей, якія, прыходзячы з паслугай да іншых, нясуць ім палёгку ў цярпенні і хваробе. Гэта місія на падабенства Рафала: спадарожнічаць, клапаціцца пра бліжніх, дапамагаць ім у патрэбах.

Арханёл Рафал ахоўвае людзей ад хваробаў і ранаў, лечыць іх, апякуецца і спрыяе тым, хто ў дарозе, а таксама з’яўляецца апекуном хірургаў.

Паводле матэрыялаў www.katolik.pl

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.