Віншуем перакладчыкаў з днём нябеснага апекуна | Друк |
Каляндар
30.09.2011 11:58

30 верасня адзначаецца Міжнародны дзень перакладчыкаў. Менавіта ў гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін св. Гераніма, святара і доктара Касцёла, апекуна перакладчыкаў.

Будучы святы нарадзіўся каля 347 г. у Стрыдоне (Далмацыя). Маючы каля трыццаці гадоў, Геранім прыняў у Антыёхіі святарскае пасвячэнне і накіраваўся ў Канстанцінопаль, дзе пазнаёміўся са св. Грыгорыем Назіянзскім і перакладаў тэксты касцёльных пісьменнікаў першых стагоддзяў. Пазней ён вярнуўся ў Рым і пэўны час быў сакратаром Папы Дамаса І.

Пасля смерці Папы Геранім наведаў Егіпет і нарэшце пасяліўся ў Бэтлееме. Там ён заснаваў шмат мужчынскіх і жаночых кляштараў, а затым цалкам прысвяціў сябе тэалогіі, пісьменніцкай і перакладчыцкай дзейнасці. Геранім з’яўляецца аўтарам перакладу Святога Пісання — Вульгаты — агульнапрынятага ў Касцёле перакладу Бібліі на лацінскую мову, а таксама біблейскіх каментарыяў, нарысаў гісторыі старажытнахрысціянскай літаратуры і жыццяпісаў святых. Святы з’яўляецца апекуном тэолагаў і перакладчыкаў.

Міжнародны дзень перакладчыкаў адзначаецца з 1991 г. Сёлета святкуецца пад дэвізам «Навядзенне мастоў паміж культурамі».

 
© 2003-2024 Catholic.by