Сусветны дзень хворага | Друк |
Каляндар
11.02.2012 03:36

11 лютага адзначаецца Сусветны дзень хворага. Устанавіў яго бл. Ян Павел ІІ 13 мая 1992 г. У той дзень супалі 75-я гадавіна аб’яўлення Маці Божай Фацімскай і 11-я гадавіна замаху на жыццё Вялікага Папы.

Свята штогод адзначаецца 11 лютага, калі ў Касцёле ўспамінаюць першае аб’яўленне Маці Божай з Лурд. У 1858 г. у Лурдзе Маці Божая аб’явілася простай вясковай дзяўчынцы Бэрнардэце Субіру.

Сёлета XX Сусветны дзень хворага ў Каталіцкім Касцёле праходзіць пад дэвізам «Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе» (пар. Лк 17, 19). У пасланні на гэты дзень Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікае хворых і церпячых убачыць у веры своеасаблівы якар і падкрэслівае, што той, хто верыць, ніколі не будзе самотным. Своеасаблівымі лекамі ад хваробаў Пантыфік лічыць сакрамэнты пакаяння і намашчэння хворых, а іх натуральным дапаўненнем — эўхарыстычную Камунію.

Дзень хворага з’яўляецца напамінам для нас, каб звярнулі асаблівую ўвагу на хворых людзей і заклікае адарыць іх сваёй любоўю і клопатам.

 
© 2003-2024 Catholic.by