2 ліпеня — урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай |
Каляндар |
02.07.2013 16:27 |
2 ліпеня адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У апошнія гады культ Маці Божай Будслаўскай, якую называюць Апякункай Беларусі, распаўсюдзіўся па ўсёй нашай краіне. Цэнтр святкавання — невялікая вёска на поўначы Мінскай вобласці, назва якой — Будслаў — вядомая сёння ва ўсёй Беларусі і за яе межамі. Там знаходзіцца Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Будслаўскі касцёл, адна з самых прыгожых і вялікіх святыняў на нашай зямлі, быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі і з’яўляецца малой базылікай. Падрабязна пра гісторыю будслаўскай святыні і цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай можна даведацца на сайце Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе. (AG) |