Вялікдзень – «свята святаў» | Друк |
Каляндар
05.04.2015 00:22

Найбольшай хрысціянскай урачыстасцю з’яўляецца Вялікдзень. Яго называюць «святам святаў». У гэты дзень Хрыстус сваёю крывёю адкупіў увесь свет.

Для вернікаў Пасха становіцца пераходам да іншага, лепшага жыцця. Яна запэўнівае ў надзеі на ўваскрашэнне да новага і вечнага жыцця ў супакоі, справядлівасці і хвале. У гэты дзень Касцёл адзначае ўспамін уваскрасення Езуса Хрыста. Назва ўрачыстасці паходзіць ад дня, у які Хрыстус уваскрос і які для нас з гэтай прычыны стаў вельмі важным і сапраўды вялікім.

Хрыстус уваскрос!

 

Літургічная цэлебрацыя нядзелі Уваскрасення распачынаецца на світанні. З самай раніцы ва ўсіх касцёлах адбываецца ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол святыні, або вуліцамі гарадоў, мястэчак, вёсак, а затым цэлебруецца ўрачыстая святая Імша, якая называецца Рэзурэкцыйнай (ад лацінскага слова resurrectio — уваскрасенне).

Рэзурэкцыйная працэсія, якая распачынае нядзелю Уваскрасення, пачынаецца з узнёслага і радаснага набажэнства, якое праслаўляе выхад Уваскрослага Хрыста з магілы. Пачатак набажэнства адбываецца каля сімвалічнага гробу. Святар разам з прыслугоўваючымі ідзе да гробу, дзе пэўны час знаходзіцца на адарацыі, а між тым у касцёле фармуецца працэсія.

Пасля непрацяглай адарацыі святар вітае вернікаў і коратка ўводзіць іх у абрад, які павінен адбыцца. Пасля кароткай малітвы святар акаджвае Найсвяцейшы Сакрамэнт і распачынаецца працэсія. Урачыстая святая Імша цэлебруецца пасля працэсіі. Часам працэсія адбываецца ўначы, адразу пасля Пасхальнай вігіліі.

Дзень прабачэння

Пасля вяртання са святыні з асвячонымі велікоднымі стравамі накрываецца святочны стол і распачынаецца ўрачысты велікодны сняданак. Напачатку гаспадар, прывітаўшы ўсіх радаснымі словамі «Хрыстус уваскрос!», дзеліцца з кожным асвячоным фарбаваным яйкам — пісанкаю.

Стол, за якім збіраецца ўся сям’я, шчодра накрыты разнастайнымі стравамі. У цэнтр стала ставяцца стравы, асвячоныя ў Вялікую суботу або пасля Рэзурэкцыі. Перад пачаткам снядання чытаецца ўрывак са Святога Пісання, потым усе разам чытаюць малітвы «Ойча наш» і «Хвала Айцу», пасля чаго ядуць асвячонае яйка.

У вёсках пасля велікоднага снядання ўсе выходзілі на вуліцу, беручы з сабою пісанкі. Людзі віталі адзін аднаго, дзелячыся радасцю і святочным настроем, а дзеці ладзілі разнастайныя забавы з пісанкамі.

На Вялікдзень асаблівым чынам назіралі за сонцам, бо лічылася, што ў ім можна ўбачыць уваскрослага Хрыста. Людзі казалі таксама, што сонца ў гэты дзень «скача з радасці».

 

Першы дзень святаў звычайна праходзіць у коле сям’і. Часта гэты дзень становіцца днём прабачэння і згоды для людзей, у жыцці якіх раней узніклі непаразуменні ці ўзаемныя крыўды. У другі дзень святаў прынята наведваць сваякоў і знаёмых.

Цікавым і радасным велікодным звычаем было наведанне моладдзю розных двароў, падчас чаго спяваліся віншавальныя валачобныя спевы. Гаспадары, да якіх прыходзілі валачобнікі, шчодра дзяліліся з імі рознымі прысмакамі.

(JM)

 
© 2003-2024 Catholic.by