Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Святло каляднай зоркі»: канцэрт у падтрымку таленавітай моладзі з асаблівасцямі ў развіцці
Дабрачыннасць
15.01.2010 13:43

Цяпло, утульнасць, радасць, шчырасць, любоў, узаемадапамога — гэта толькі некалькі слоў, якімі можна апісаць стан сапраўды шчаслівага чалавека і грамадства ўвогуле. Менавіта гэтыя пачуцці напаўнялі кожнага, хто прыняў удзел у дабрачынным канцэрце ў падтрымку людзей з асаблівасцямі ў развіцці «Святло каляднай зоркі». Гэтым святлом з прысутнымі дзяліліся як зоркі беларускай эстрады, так і маладыя таленты.

Ініцыятарамі дабрачыннай акцыі, якая адбылася 14 студзеня 2010 г. у канцэртнай зале «Мінск» сталі дзяржаўная ўстанова «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Мінска», дабрачынны каталіцкі фонд «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і прыватнае унітарнае прадпрыемства па аказанню паслуг «Крындамарт».  

На ўрачыстае адкрыццё канцэрта з прывітальным словам выступіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, які  ўдзяліў усім прысутным благаслаўленне на Новы 2010 год. Іерарх пажадаў удзельнікам канцэрта і ўсім прысутным, каб «усе добрыя мары і надзеі, якія маюць у сваіх сэрцах, рэалізаваліся ў гэтым годзе. Няхай на вашым шляху сустракаюцца людзі, якія дапамогуць вам у здзяйсненні вашых мараў», — пажадаў іерарх.

Ксёндз Аляксандр Фаміных, дырэктар дабрачыннага фонда «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адзначыў, што  дадзены канцэрт з’яўляецца лагічным працягам і вынікам супрацоўніцтва з цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна.

«Людзі з асаблівасцямі ў развіцці патрабуюць самарэалізацыі. А кожнаму з нас ёсць чаму павучыцца ў гэтых людзей і ў першую чаргу радасці жыцця і надзеі, — адзначыў святар. — Менавіта ў такіх акцыях праяўляецца сапраўдная любоў і міласэрнасць. Міласэрную любоў азначае назва нашай арганізацыі, задача якой — аказанне дапамогі праз сацыяльнае служэнне. Мы нярэдка чуем, што ёсць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Кожны з нас у чымсьці абмежаваны, але ёсць людзі з асаблівасцямі развіцця, праз адносіны да якіх мы можам праяўляць сваю міласэрнасць».

У канцэртце выступілі маладыя людзі з розных гарадоў Беларусі — Мінска, Вілейкі, Барысава, Нясвіжа, Магілёва і Чэрвеня, якія развіваюць свае таленты ў разнастайных відах мастацтва: спеве, танцах, тэтральных пастаноўках і лялечных тэатрах.

Падтрымаць маладыя таленты прыйшлі і артысты беларускай эстрады: Аляксандр Патліс, Ірына Дарафеева і Андрэй Хлястоў.

«Вельмі радуе тое, што на дадзены канцэрт мяне запрасіў брат у Хрысце, але іншай канфесіі а. Аляксандр Фаміных, — адзначае актыўны ўдзельнік і арганізатар шматлікіх дабрачынных акцый, вядомы беларускі спявак Аляксандр Патліс. — У дабра і любові няма канфесійных адрозненняў, і разам праз свае дары і таленты, у запале натхнення і надзеі, якую мы носім у сабе, мы можам дакранацца да тых людзей, якія патрабуюць нашай дапамогі, нашай радасці. Магчыма, што наша выступленне стане штуршком для ўдасканальвання маладых людзей, якія маюць асаблівасці ў развіцці. Гэтым людзям неабходна наша ўвага і пашана. Мы не адны ў гэтым свеце. Неабходна убраць уласны эгаізм і ўбачыць, што там, дзе мы жывём, ёсць людзі, якія патрабуюць дапамогі. Людзям у першую чаргу павінна дапамагаць не дзяржава, а іншыя людзі».

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева неаднаразова арганізуе дабрачынныя канцэрты, а ў турах па нашай краіне яна часта наведвала і выступала ў дамах-інтэрнатах. «Калі ты аддаеш сябе, аддаеш любоў, адчуваеш сябе больш шчаслівым. Я сёння вельмі шчаслівая, таму што адчуваю радасць дзяцей, адчуваю, наколькі ім патрэбна падтрымка дарослых. Падтрымка любая: клопат, усмешка, добрае слова, падарункі або слуханне музыкі, якая іх натхняе. Яны становяцца больш моцнымі, у іх адраджаецца вера і надзея. На маю думку, такіх акцый павінна быць як мага больш у нашым жыцці, тады мы зможам шмат змяніць. Мы павінны рабіць тое, што ў нашых сілах, — адзначае спявачка. — Нельга быць абыякавым, неабходна задумвацца пра тое, як мы жывём, і калі сёння ты не зрабіў нічога добрага, то дзень пражыты дарэмна. Неабходна кожны дзень рабіць свой невялікі ўклад у жыццё такіх людзей».

Па словах спевака Андрэя Хлястова, «артысты і ўсе людзі павінны дапамагаць тым, хто мае праблемы ў жыцці, дарыць ім хвіліны радасці». «Мы павінны разумець і прымаць тое, што ёсць людзі, якім неабходна наша дапамога: праз слова, учынкі або матэрыяльная», — адзначыў спявак.

З гэтымі словамі нельга не пагадзіцца. Сапраўды, мы не можам дазволіць сабе быць абыякавымі да іншых, асабліва да тых, хто патрабуе нашай увагі і дапамогі. Хочацца верыць, што гэты канцэрт стане добрай традыцыяй праяўлення хрысціянскай любові і ўзаемадапамогі.

Святлана Бурлевіч
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дабрачыннасць

17.10 18:02«Прыдумай налепку для свечкі»: «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі праводзіць конкурс на лепшы дызайн
07.10 16:45Валанцёры «Чыстага сэрца» прынялі ўдзел у запісе перадачы «Для тых, хто дома» на «Беларускім радыё»
01.10 15:11У Івянцы асвяцілі будынак парафіяльнага цэнтра «Карытас»
30.08 11:56«Карытас» правёў у Бабруйску акцыю «Дапаможам дзецям сабрацца ў школу»
24.08 15:55Дабрачыннае таварыства «Карытас» арганізавала для дзяцей адпачынак у Бельгіі
25.07 13:39Аршанскі мясакансервавы камбінат ахвяраваў дзіцячае харчаванне «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
06.04 09:48Дзень «Caritas» Гродзенскай дыяцэзіі прайшоў у Астраўцы
06.04 09:15«Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі завяршыў першы этап дабрачыннай акцыі «Святло Міласэрнасці»
28.03 15:27Дабрачынную акцыю арганізавала на Вялікдзень «Caritas» Віцебскай дыяцэзіі
05.03 17:19Валанцёры «Caritas» і «Віцебскія дзяўчаты» наведалі Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў