Нацыянальны «Карытас» распачынае праект «Перш за ўсё сям’я, правы дзіцяці — зараз!» | Друк |
Дабрачыннасць
10.04.2013 13:49

Старт праекта адбудзецца ў Вене 15-18 красавіка, дзе пройдзе першая канферэнцыя для прадстаўнікоў Беларусі, Украіны і Малдовы. Праект «Перш за ўсё сям’я, правы дзіцяці — зараз!» разлічаны на спецыялістаў у сферы абароны дзяцей менавіта з гэтых трох краін.

Кожная з пералічаных краін падпісала і ўзгадніла Канвенцыю ААН па правах дзіцяці, а таксама распрацавала лакальныя планы дзеяння.

Праект стартаваў у студзені 2013 года. Накіраваны ён на дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі і прадстаўляе розныя інавацыйныя мадэлі для рэалізацыі Канвенцыі аб правах дзіцяці і непасрэдна правоў чалавека.

Праект разлічаны перш за ўсё на каардынатараў праграм і супрацоўнікаў устаноў, якія працуюць у сферы абароны правоў дзіцяці, і потым, дзякуючы набытым ведам, змогуць працягваць рэалізацыю сваіх праграм у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Большасць дзяцей, пра якіх клапоцяцца партнёры праекта, з’яўляюцца членамі сацыяльных груп, правамі якіх часта пагарджаюць: дзеці-інваліды, дзеці з бедных сем’яў, дзеці вуліцы і дзеці эмігрантаў.

У першай канферэнцыі праекта прымуць удзел дырэктар Нацыянальнага «Карытас» (дабрачыннае каталіцкае таварыства) кс. Віктар Гайдукевіч SDB, каардынатар праекта ў Беларусі Юлія Сліж, кіраўнік і аўтар шэрагу праектаў па сацыяльнай абароне дзяцінства пры Дзіцячым Фондзе ААН ЮНІСЭФ Галіна Бядуліна і старшыня ўпраўлення Гарадскога Грамадскага Аб’яднання «Дзеці — не для насілля» Маргарыта Прахіна.

Падчас стартавай працоўнай паездкі аўстрыйскія калегі падзеляцца з удзельнікамі вопытам і тэарэтычнымі ведамі.

Ганна Страшкевіч

 
© 2003-2019 Catholic.by