Душпастырства моладзі ў Гродне правяло акцыю «Пячэнька за пячэнька» | Друк |
Дабрачыннасць
08.12.2013 23:45

8 снежня Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі Гродна “OPEN” правяло святочную акцыю «Пячэнька за пячэнька». На працягу дня каля гродзенскага катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя моладзь збірала ахвяраванні на разнастайныя акцыі з удзелам дзяцей, якія будуць праводзіцца з нагоды ўрачыстасцяў Божага Нараджэння і Вялікадня, а таксама на салодкія падарункі. Частка з сабранага будзе прызначана на арганізацыю летняга адпачынку для хворых дзяцей.

Акцыя праходзіла ўжо ў чацвёрты раз.

“Ідэя акцыі ў тым, каб студэнцкая моладзь не толькі прасіла ў вернікаў фінансавыя сродкі, але і зрабіла штосьці сама. Мы клапаціліся аб дзейсным удзеле ўсіх: і тых, якія складаюць ахвяраванні, і тых, якія збіраюць”, - паведаміў Сatholic.by душпастыр моладзі ў Гродне кс. Антоні Грэмза.
 
Умовай для моладзі было прыгатаваць дома цеста, прысвяціўшы на гэта свой час. Па словах кс. Антонія Грэмзы, важным было даць маладым вернікам магчымасць уключыцца ў справу самім, а не проста купіць штосьці салодкае ў краме.

6 і 7 снежня моладзь збіралася ў гродзенскім пабрыгідскім касцёле, каб упакаваць і прыгожа аздобіць прыгатаваныя слодычы, якія былi перададзены ўсім ахвярадаўцам.

Арганізатары акцыі заахвоцілі ўсіх не заставацца абыякавымі і ўнесці частку сваёй міласэрнасці ў добрыя справы.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by