Нататкі місіянера: «На Божае Нараджэнне падарункі атрымалі амаль 900 дзяцей» | Друк |
Дабрачыннасць
03.01.2014 14:09
Беларус кс. Сяргей Гоман — святар-місіянер з Таварыства cв. Францішка Сальскага. Ужо 12 гадоў ён працуе на місіях у Афрыцы. На Catholic.by святар дасылае свае фотарэпартажы з апісаннем найбольш цікавых падзей місійнага жыцця. Cёння місіянер распавядае пра тое, як дзеці з Лунгі — горада ў С'ера-Леонэ — сустракалі Божае Нараджэнне.
 
«Які цудоўны дзень!» — гаворыць хлопчык-мусульманін Мухамед, які разам з дзясяткамі іншых дзяцей прыйшоў сёння на свята да місіянераў. Цэнтр Дона Боско ў Лунгі ў гэты дзень быў цалкам запоўнены дзецьмі і моладдзю розных канфесій. Дзеці атрымалі магчымасць паказваць свае таленты.
 
Прэзентацыі, драмы, танцы, спевы, вершы былі ўмела і радасна прадстаўлены імі. Мы таксама звярнуліся да дзяцей з суседніх вёсак, такіх як Тагрын і Медыне. Самым дарагім у гэты дзень былі радасныя пачуцці, якія адчувалі дзеці. Ва ўсіх кутках нашага цэнтра ў гэты дзень бурліла жыццё. 
 
Таксама ў нас была сяброўская сустрэча паміж нашымі баскетбольнымі і валейбольнымі камандамі і камандамі з горада Фрытаўн (сталіцы С’ера-Леонэ). На жаль, мы атрымалі паразу ў спаборніцтвах, аднак жа атмасфера ўсё роўна была радаснай і святочнай.
 
Урэшце рэшт да нас завітаў сапраўды Санта Клаус, які раздаў дзецям падарункі. Іх атрымала каля 900 хлопчыкаў і дзяўчынак з малазабяспечаных сем’яў. Сярод падарункаў – простыя рэчы: цацкі, кнігі, пячэнне і іншыя прысмакі і г.д.
 
Мы ўдзячныя Богу за тое, што свята ўдалося. Таксама цэнім і молімся за людзей добрай волі і сяброў, якія дапамаглі нам ажыццявіць гэтую святочную акцыю і дапамагчы дзецям з малазабяспечаных сем’яў, каб і яны змаглі адчуць сябе шчаслівымі ў гэты асаблівы Christmas дзень.
 
Таксама мы атрымалі і адмысловую фінансавую дапамогу з Беларусі. Дзякуем Вам, Аляксандра! Благаславі Вас Бог.

З малітвай і найлепшымі пажаданнямі
 
А. Сяргей Гоман SDB
 
(JLS) 

 
© 2003-2024 Catholic.by