Смаргонская моладзь прадставіла святочны спектакль дзецям-інвалідам | Друк |
Дабрачыннасць
06.01.2014 21:05

Моладзь араторыя імя святога Яна Боско ў Смаргоні разам з с. Ірынай Барцэвіч FMA 5 студзеня падарыла дзецям-інвалідам святочны спектакль “Не знайшлося месца сярод багатых”.

Мэтай было расказаць хлопчыкам і дзяўчынкам з абмежаванымі магчымасцямі гісторыю Божага Нараджэння, паказаць ім і іх бацькам, што любоў жыве сярод людзей, што Езус любіць іх такімі, якія яны ёсць, хоча іх шчасця, а хвароба, які б боль яна не несла, не з’яўляецца злом, - бл. Ян Павел II казаў: “Пакуты нявінных – гэта найвялікшая Божая таямніца, яе немагчыма зразумець, яе можна толькі прыняць”. Праз спектакль моладзь імкнулася данесці думку, што менавіта маленькае Дзіцятка Езус дае неабходныя сілы, веру, надзею і любоў бацькам і хворым дзецям.

У зале панавала радасная і нават таямнічая атмасфера. Дзеці з вялікай зацікаўленасцю глядзелі спектакль, уставалі з месцаў, каб лепш убачыць, моцна пляскалі ў далоні. Хоць, магчыма, яны многага не разумелі, але было відаць, што свята менавіта для іх, ад чаго іх вочы ззялі.

У канцы праграмы дзеці атрымалі салодкія падарункі ад пробашча смаргонскай парафіі кс. Здзіслава Вэдэра SDB.

Паводле sdb.by

(AG)

 

 

 

Фота з sdb.by

 
© 2003-2024 Catholic.by