Прадстаўнікі беларускага “Карытас” пазнаёміліся з сістэмай дапамогі інвалідам у Аўстрыі | Друк |
Дабрачыннасць
20.01.2014 16:46

У межах праекту “Акно ў свет” прайшла паездка дэлегацыі ў складзе прадстаўнікоў дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” у Беларусі і грамадскага аб’яднання бацькоў дзяцей і моладзі з інваліднасцю «БелАПДИиМИ» у Аўстрыю. Удзельнікі паездкі пазнаёміліся з сістэмай дапамогі інвалідам ад ранняга ўзросту да самастойнага пражывання і мелі магчымасць падзяліцца вопытам у гэтай сферы з партнёрамі з Аўстрыі і Арменіі.

Удзельнікі наведалі таварыства людзей з інваліднасцю “BIZEPS”, прадстаўнік якога Магдалена Шарль распавяла аб напрамках яго дзейнасці – кансультаванні па стварэнні безбар’ернага асяроддзя, стварэнні фільмаў і ролікаў з мовай жэстаў, правядзенні курсаў па сістэме догляду за інвалідамі.

Таксама ўдзельнікі пабывалі ў прадстаўніцтве “Карытас”, дзе арганізаваны дзіцячы сад, школа, тэрапія і іпатэрапія. Аўстрыйскія партнёры паказалі працу арганізацый, якія разам з “Карытас” дапамагаюць у жыцці людзям з інваліднасцю.

Удзельнікі паездкі азнаёміліся з мерапрыемствамі, якое праводзіць урад у заходняй Аўстрыі ў межах выканання Канвенцыі ААН па абароне правоў інвалідаў і задалі пытанні кіраўніку аддзела па сацыялізацыі і інтэграцыі людзей з інваліднасцю Элізабэт Чанн.

(AG)

 

 


 

 
© 2003-2024 Catholic.by