У Івянцы асвяцілі будынак парафіяльнага цэнтра «Карытас» | Друк |
Дабрачыннасць
01.10.2016 15:11

«Парафіяльны цэнтр “Карытас” — гэта не пункт раздачы, дзе толькі штосьці выдаюць, але гэта і пункт прыёму. Пункт, дзе мы вучымся дапамагаць адзін аднаму» , — адзначыў а. Лех Баханэк OFMConv, пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Івянцы, на Імшы падчас парафіяльнай урачыстасці 29 верасня.

На свята апекуна парафіі, што ў «белым касцёле», як кажуць мясцовыя — святога Міхала Арханёла, — адбылося ўрачыстае адкрыццё парафіяльнага цэнтра «Карытас».

У Імшы ўдзельнічалі святары з навакольных парафій, а таксама кс. Аляксандр Фаміных і бр. Андрэй Жылевіч OFM Cap — былы і цяперашні дырэктары «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Ксёндз Аляксандр Фаміных, які паспрыяў распачаццю дзейнасці «Карытас» у івянецкай парафіі, асвяціў новае памяшканне. Сённяшні дырэктар архідыяцэзіяльнага «Карытас» брат Андрэй Жылевіч прамовіў гамілію, у якой адзначыў, што праз асвячэнне парафіяльнага цэнтра цяпер і івянецкая парафія будзе належаць да арганізацыі, якая нясе любоў.


 
«”Карытас” нясе дапамогу тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, не мае сродкаў. Зараз у сучасным свеце нам неабавязкова змагацца з мячом — нам трэба змагацца з беднасцю, з патрэбамі, якія мы павінны заўважаць», — адзначыў святар.
 
Кажучы пра свята св. Міхала Арханёла, брат Андрэй Жылевіч дадаў, што менавіта «праз невялікія ўчынкі міласэрнасці мы таксама з'яўляемся анёламі для іншых».

Парафіяльны цэнтр «Карытас» у Івянцы ўяўляе сабой дастаткова вялікае памяшканне, дзе абапал сцен месцяцца акуратныя сцелажы для каробак з адзеннем і абуткам, а пасярэдзіне — металічныя кошыкі з адзеннем. Штосьці накшталт крамы «сэканд-хэнд», толькі з крыху іншай фінансавай палітыкай, а дакладней з палітыкай, імя якой «любоў дзейсная», «любоў, якая служыць», «любоў, якая заўважае», «любоў, якая ахвяруе», «Карытас».



Цэнтрам займаюцца ў парафіі прадстаўнікі трэцяга францішканскага ордэну свецкіх. Як распавяла яго настаяцельніца сястра Іна Жылкевіч, у цэнтры «Карытас» будуць дзяжурыць па чарзе.
 
Трэці францішканскі ордэн свецкіх налічвае ў парафіі 30 чалавек, 24 з якіх гатовыя і могуць актыўна паслужыць сваёй працай у парафіяльным жыцці, у тым ліку і пры «Карытас». У кожнага з прадстаўнікоў ордэна свецкіх свой шлях да Бога, свой шлях да ордэна. Некаторыя з іх, як, напрыклад, сястра Таццяна Жукава, далучыліся да трэцяга ордэна яшчэ ў 1995 годзе, калі ордэн нараджаўся ў так званым «чырвоным касцёле» — парафіі Св. Аляксея.
 
На сённяшні дзень дзейнасць ордэна сканцэнтравана каля «белага касцёла», а парафіяльны пункт «Карытас» з'яўляецца яшчэ адным відам іх служэння ў францішканскай сям'і.

Паводле caritas-minsk.by

(AG)

Фота caritas-minsk.by

 
© 2003-2024 Catholic.by