Мінск: арцыбіскуп Васіль узначаліў малебен за жыхароў Мінска ахвяраў ІІ Сусветнай вайны | Друк |
Грэка-Каталіцкая Царква
08.05.2012 13:51

Малебен за горад Мінск, усіх яго жыхароў і тых, хто аддаў сваё жыццё за вызваленне Радзімы падчас ІІ Сусветнай вайны, адбыўся ў Грэка-каталіцкім душпастырскім цэнтры св. Язэпа ў Мінску 7 мая 2012 г. У малітве, якая адбывалася ў дзень літургічнага ўспаміну Маці Божай Жыровіцкай, прыняў удзел сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Кірыл Васіль.

Разам з ватыканскім іерархам маліліся Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, святары заходняга і ўсходняга абрадаў, вернікі. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі ўлады.

Падчас сустрэчы арцыбіскуп Васіль асвяціў ікону, якая будзе знакам памяці пра яго візіт у Беларусь. Мэта ж візіту іерарха — сустрэцца з католікамі Беларусі, з’яднацца з імі ў малітве за Касцёл у Беларусі, за ахвяраў ІІ Сусветнай вайны, дзень перамогі ў якой адзначаецца ў гэтыя дні, а таксама ўшанаваць памяць мучаніцкага подзвігу Экзарха Неманцэвіча і ягонай паствы.

Молячыся аб супакоі ў нашай краіне, у супольнасцях, арцыбіскуп Васіль нагадаў, што Касцёл і сёння пераследуецца, але «Касцёл служыць і наследуе Хрыста, які таксама быў пераследаваны». «Моц Касцёла ў тым, што адна супольнасць дапамагае іншай, і разам радуюцца», — дадаў ватыканскі госць.

Старшыня ватыканскага ведамства адзначыў медалямі Святога Айца за заслугі перад Касцёлам трох грэка-каталіцкіх вернікаў, якія шмат зрабілі на карысць грэка-каталіцкай супольнасці ў Мінску.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by