У грэка-каталіцкім душпастырскім цэнтры ў Мінску прайшла «японская вечарына» для дзяцей з прытулку | Друк |
Грэка-Каталіцкая Царква
22.10.2013 11:26

19 кастрычніка грэка-каталіцкі душпастырскі цэнтр св. Язэпа ў Мінску наведалі дзеці з мясцовага прытулку. Спецыяльна для іх валанцёры Руху св. Мікалая арганізавалі сапраўдную «японскую вечарыну».

Падчас вечарыны дзеці мелі магчымасць паўдзельнічаць у японскіх танцах, барацьбе сумо, распісаць вееры японскімі іерогліфамі, заняцца арыгамі, пачаставацца самаробнымі сушы, а таксама даведацца шмат цікавага аб гісторыі і культуры Японіі і японскіх святых.

Як лічаць арганізатары вечарыны, кожная парафія — гэта месца сустрэчы чалавека з Богам. Таму вельмі важна, каб да хрысціянскай супольнасці запрашаць дзяцей, асабліва тых, каму так цяжка ў сваім жыцці пабачыць Бога. Яны знаходзяцца ў пачатку свайго нялёгкага шляху, і іх жыццёвы выбар залежыць ад таго, ці змогуць яны зараз пабачыць любоў і дабрыню ў Царкве Хрыстовай.

Валанцёры Руху св. Мікалая заклікаюць усіх неабыякавых хрысціянаў актыўна далучацца да дабрачыннага служэння дзецям, асабліва пры сваіх парафіях. Валанцёры гатовы аказаць арганізацыйную падтрымку (гл. www.valancer.by).

 прэс-служба Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў у Беларусі

 
© 2003-2024 Catholic.by