Рэкалекцыі для грэка-каталіцкага духавенства прайшлі ў Баранавічах | Друк |
Грэка-Каталіцкая Царква
18.11.2013 12:36

З 13 па 15 лістапада ў рэкалекцыйным цэнтры пры кляштары Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і ў Баранавічах прайшлі рэкалекцыі для святароў, якія нясуць служэнне ў грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі. Узначаліў рэкалекцыі Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Сваё асаблівае благаслаўленне ўдзельнікам рэкалекцыі перадаў Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Леанарда Сандры.

Дэвізам рэкалекцый былі словы малітвы “Веру, Пане, і вызнаю…” У духоўных разважаннях удзельнікі стараліся асэнсаваць каштоўнасць жывой і дзейснай веры ў жыцці і служэнні святара. Рэкалекцыі мелі форму супольнай “lectio Divina” — чытання і разважання тэкстаў Божага слова.

Рэкалекцыі праходзілі напрыканцы Года веры і напярэдадні перадкаляднага посту, які пачынаецца ў грэка-католікаў 15 лістапада. У пятніцу 15 лістапада ўдзельнікі рэкалекцый прысутнічалі на агульнабеларускай сустрэчы святароў у Мінску.

Паводле сайта грэка-каталіцкай парафіі святога і праведнага Язэпа

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by