28 жніўня ў Полацку вернісажам у дворыку грэка-каталіцкай царквы святой Параскевы Полацкай завяршыўся II мастацкі пленэр імя Івана Хруцкага, слыннага мастака мінулага, імя якога належыць Полацкаму краю.
Адначасова 11 мастакоў, якія сабраліся на пленер, ушанавалі імя і памяць яшчэ аднаго мастака — нядаўна памерлага Алега Елізарава, што быў настаўнікам часткі з іх.
Своеасаблівасць бачання мастаком навакольнага свету не заўжды пакідае ў яго душы месца для штодзёнай рэлігійнай практыкі, таму падчас падрыхтоўкі да пленэру для айца настаяцеля было важным давесці ўсім патэнцыйным удзельнікам, што пленэр, як гаварылася ў абвестцы, — «хрысціянскі» і «братэрскі».
Нягледзячы на тое, што арганізатарамі мастацкага форуму выступілі грэка-католікі, на яго прыехалі, як і ў мінулым годзе, мастакі розных канфесій. Галоўным, як кажа а. Аляксандр Шаўцоў, было тое, каб да іх дакранулася Божая ласка. Адзін з мастакоў падчас пленэру ўпершыню прыступіў да споведзі і прычасця, і гэты плён святар называе вельмі важным, магчыма, большым за матэрыяльны ў выглядзе палотнаў, якія, ад’язжаючы, творцы падораць парафіі.
Сёлетні пленэр меў назву «Полацк вачыма Скарыны». У мінулым годзе перад мастакамі стаяла больш вольная мэта — яны малявалі гарадскія святыні. Цяпер жа ў фокус мастацкага бачання патрапілі мясціны і культавыя пабудовы, на якія з вялікай доляй верагоднасці мог глядзець Францішак Скарына. Мастакі шукалі месцы, якія маглі быць магчымымі маршрутамі першадрукара, спрабуючы пабачыць той Полацк, які адкрываўся Скарыну з берагоў Дзвіны.
Перад пачаткам вернісажу працы леташняга пленэру звёз у Мінск, развітваючыся з парафіяй, мастак Дзмітрый Мшар — у сталіцы яны будуць прадстаўлены на асобнай тэматычнай выстаўцы, а пасля паедуць у іншыя гарады.
У кастрычніку працы Дзмітрыя Мшара, а таксама яшчэ аднаго ўдзельніка пленэру — Валерыя Шчаснага — будуць выстаўляцца ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены ў межах экспазіцыі «Знак Яднання», прысвечанай 420-й гадавіне Брэсцкай уніі, што паклала пачатак існаванню Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Дзмітрый Мшар вядомы шматлікімі выявамі сакральных пабудоваў Беларусі, пэндзлю Валерыя Шчаснага належыць партрэт святога Язафата Кунцэвіча, працу над якім мастак распачаў падчас леташняга пленэру, а цяпер прывёз у скончаным варыянце.
Таксама ўдзел у пленеры ўзялі Віктар Жукаў з Новых Гаранаў, Сяргей Чарцілін з Мінска, Аляксей Яўсееў і Аляксей Літвін з Віцебска, полацкія мастакі Іван Іваноў, Вячаслаў Літвін, Андрэй Міхайлаў, Андрэй Піскун.
Паводле krynica.info
(AG) Фота krynica.info
|