Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Грэка-каталіцкія пілігрымы ўшанавалі памяць св. Язафата Кунцэвіча ў Вене і Празе
Грэка-Каталіцкая Царква
16.11.2016 15:30

12 лістапада ў Вене група святароў і маладых грэка-каталіцкіх вернікаў з Беларусі прынялі ўдзел ва ўрачыстым дні памяці св. Язафата Кунцэвіча. Падзея была прымеркавана да 100-годдзя пераносу рэліквій св. Язафата Кунцэвіча з польскага горада Бяла-Падляска ў Вену ў святыню св. Барбары.

Паездка адбылася па запрашэнні кардынала Крыстафа Шонбарна, арцыбіскупа Вены і ардынарыя для грэка-католікаў Аўстрыі.

Пілігрымку ўзначаліў протапрэзбітэр Усходняга дэканата, настаяцель парафіі Уваскрасення Гасподняга ў Віцебску а. Зміцер Грышан.


Дарога пілігрымкі ў Вену праходзіла праз Бяла-Падляску, адкуль 100 гадоў таму рэліквіі св. Язафата перанеслі ў Вену. Па дарозе да пілігрымаў далучыўся архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі.

Пілігрымы затрымаліся на малітве ў базыліцы святых Кірыла і Мятода ў Велеградзе, дзе маліліся да святых Апосталаў славян і першага іх вучня — св. Гаразда, заступніка студэнтаў багаслоўскіх навук.


12 лістапада ў Вене архімандрыт Сяргей Гаек, а. Зміцер Грышан і а. Андрэй Абламейка прымалі ўдзел у навуковай сесіі, прысвечанай асобе св. Язафата, якую арганізаваў кардынал Крыстаф Шонбарн.

Увечары 12 лістапада беларускія пілігрымы ўдзельнічалі ў Боскай Літургіі ў гонар св. Язафата, якую ў катэдральным саборы св. Стэфана ў Вене ў прысутнасці кардынала Шонбарна ўзначаліў першаіерарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы архіепіскап Святаслаў Шаўчук.


У Літургіі таксама прымалі ўдзел архімандрыт Сяргей Гаек, сірыйскі Мітрапаліт Ян Клемент Жанбар з г. Алепа і шматлікія святары Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскай традыцыі (украінскай, румынскай, мельхіцкай, русінскай, славацкай, беларускай).

Напрыканцы Боскай Літургіі архімандрыт Сяргей Гаек падзякаваў кардыналу Крыстафу Шонбарну за каштоўны духоўны дар — частку архірэйскай вопраткі (набедранік), які кардынал перадаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве ў Будславе ў ліпені 2016 года.

Як сімвалічны знак падзякі Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі і а. Зміцер Грышан з Віцебска перадалі кардыналу зямлю з месца мучаніцтва св. Язафата.


13 лістапада беларускія пілігрымы ўдзельнічалі ў беларускамоўнай Боскай Літургіі ў гонар св. Язафата Кунцэвіча і св. Яна Залатавуснага, якую па запрашэнні Экзарха Грэка-Каталіцкай Царквы Чэхіі Ладзіслава Гучка ўзначаліў архімандрыт Сяргей Гаек.

Перад Літургіяй пілігрымы мелі магчымасць памаліцца ў катэдральным грэка-каталіцкім саборы св. Клімента, а таксама наведаць месцы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Францішка Скарыны.

А. Яўген Усошын (IL)
Фота Аляксандра Маламы

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.