Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адзіны ў Беларусі музей царкоўнай Уніі створаць у Гродне
Грэка-Каталіцкая Царква
29.11.2016 09:37

Айцец Андрэй Крот пакуль збірае экспанаты, але канцэпцыя ўжо ёсць.

Як не дзіўна, музея, які б расказваў пра гісторыю беларускіх грэка-католікаў, у Беларусі няма, нягледзячы на тое, што ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай уніяцтва было самай масавай канфесіяй у Беларусі.

Першы крок да паўнавартаснага музея — стварэнне музейнай экспазіцыі ў будынку парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне.

На дадзеным этапе пробашч парафіі а. Андрэй ужо мае калекцыю прадметаў, якія стануць асновай экспазіцыі. Гэта і кнігі XVIII ст., надрукаваныя ў базыльянскіх друкарнях, і нацельныя медальёны з выявай св. Язафата, і рэліквіі з жыцця адроджанай у ХХ ст. Уніі, якая працягвала існаваць у эміграцыі — Вялікабрытаніі і Злучаных Штатах.

«Цяжкасць, безумоўна, у тым, што на нашых землях Унія была скасавана пасля 1839 года, — тлумачыць а. Андрэй, — таму і экспанатам мае быць як мінімум па 200 гадоў. З грэка-каталіцкімі кнігамі ў свой час асабліва змагаліся: палілі і выкідалі. Крыху больш экспанатаў па Уніі ў ХХ ст., якую прасоўвалі святары як у Беларусі, так і за яе межамі. Да прыкладу, мы маем аблачэнне, у якім служылі а. Чэслаў Сіповіч і а. Аляксандр Надсан».

Экспазіцыя паводле папярэдніх планаў будзе складацца з блока, прысвечанага росквіту Уніі, г.зн. часам ВКЛ, з блока, прысвечанага адраджэнню грэка-каталіцтва ў ХХ ст., уключна з падпольным перыядам існавання Царквы ў часы СССР. Яшчэ адзін блок — новае жыццё Царквы з пачатку 90-х і да нашых дзён.

«Нам было важна паказаць, што мы на гэтай зямлі не прыхадні, — працягвае а. Андрэй. — Наша Царква не прыехала ў Беларусь у 90-х на пустое месца. Яна мае старажытную і багатую гісторыю. Сабраныя рэліквіі маюць наглядна пра гэта сведчыць».

Цікавасць да Царквы ёсць і цяпер. Да прыкладу, у парафію перыядычна прыходзяць экскурсіі, каб убачыць, як выглядае інтэр’ер і літургія ў католікаў усходняга абраду.

Цяпер царкоўная грамада рыхтуецца да стварэння экспазіцыі, а айцец Андрэй заклікае ўсіх прыхільнікаў дапамагчы з экспанатамі — кнігамі, малюнкамі, здымкамі, іконамі, звязанымі з гісторыяй Уніі ў Беларусі.

Алесь Кіркевіч, budzma.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.