Грэка-католікі Беларусі завяршылі Год памяці Брэсцкай уніі | Друк |
Грэка-Каталіцкая Царква
05.12.2016 16:11

3 снежня ў грэка-каталіцкай парафіі Святых Братоў Апосталаў Пятра і Андрэя ў Брэсце прайшла служба на завяршэнне Года памяці Брэсцкай царкоўнай уніі. Пачынаючы з 23 снежня 2015 г. у грэка-каталіцкіх парафіях у Беларусі праходзілі Дні ўспаміну 420 гадоў Брэсцкай уніі, абвешчанай на ўнійным сінодзе ў Брэсце 16-18 кастрычніка 1596 г.

Агульным дэвізам святкаванняў былі словы Сімвала веры: «Веру ў адзіную, святую, паўсюдную і апостальскую Царкву». Тыя ж словы былі прадметам духоўнага разважання і асэнсавання ўдзельнікаў брэсцкіх святкаванняў 3 снежня.

Боскую Літургію ўзначаліў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек у саслужэнні настаяцеля брэсцкай парафіі а. Ігара Кандрацьева, а. Андрэя Буйніча з Ліды (протапрэзбітар Заходняга дэканата БГКЦ), а. Андрэя Крата з Гродна, а. Віталя Быстрова (вікарны святар парафіі ў Баранавічах) і а. Аляксея Філіпенкі з Мінска.

У святочным казанні архімандрыт Сяргей Гаек працытаваў словы з Паслання Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра з нагоды 420-годдзя падпісання Брэсцкай уніі:

«У 420-ю гадавіну пасля падпісання Брэсцкай уніі мы маем магчымасць нанова адкрыць для сябе духоўнае і культурнае багацце нашай прыналежнасці да адзінай, святой, каталіцкай і апостальскай Царквы, усведамляючы адказнасць быць сведкамі Евангелля любові для кожнага чалавека».

Архімандрыт звярнуў таксама ўвагу на культурную спадчыну Брэсцкай уніі ў сферы адукацыі, архітэктуры, іканаграфіі і музыкі.

Каштоўнай формай ушанавання ўніяцкай спадчыны стаў духоўны канцэрт гурта Арцёма Сітнікава «Bar Akaryna».

А. Яўген Усошын
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by